На выязной калегіі райсельгасхарчу ішла размова пра корманарыхтоўчы сезон. Мерапрыемства прайшло ў СВК «Маяк Браслаўскі».
Яно ўключыла ў сябе як тэарэтычную, так і практычную часткі. Падчас першай да дырэктараў сельгаспрадпрыемстваў, аграномаў і заатэхнікаў звярнуўся галава раёна Вячаслаў Грышчанка. Ён нагадаў прысутным, што ў гэтым сезоне трэба працаваць яшчэ больш старанна і напружана, бо менавіта ад кармавой базы залежыць агульны стан статка БРЖ, прывагі, колькасць і якасць малака, а таксама магчымасць узнаўляць патомства.
Падчас практычнай часткі калегіі ўсе прысутныя адправіліся на поле, дзе толькі скасілі шматгадовыя травы. Начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Крыжаноўскі нагадаў пра штодзённы план сёлетняй касавіцы і скіраваў усе гаспадаркі на больш актыўнае ўключэнне ў работу, выкананне яе строга па тэхналагічных нормах і правілах. Як станоўчы прыклад У. Крыжаноўскі адзначыў хуткасць закладвання сянажнай траншэі ў «Маяку», калі травы не паспяваюць ні перасохнуць, ні перагарэць. Але ж сёння, разумеючы, што такі ўраджай на палетках далёка не ў кожным прадпрыемстве, ды і з тэхнікай не ўсё так наладжана, трэба яшчэ больш пільна сачыць за тэхналогіяй і планаваць загадзя закладку кожнай траншэі.
Пра галоўныя аспекты выспявання бабовых і злакавых траў, тэрміны іх сушкі, абмоткі ў стрэйч-плёнку і іншыя нормы і правілы чарговы раз расказвала прысутным Наталля Іванова, намеснік начальніка аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу.
Ішла размова на мерапрыемстве і пра ахову працы, і бяспечныя паводзіны на сельгасвытворчасці. ■
Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.