Аграрыі Браслаўшчыны ўключыліся ў корманарыхтоўчую кампанію

Новости
Ад тэмпаў і якасці нарыхтоўкі кармоў залежыць рацыён жывёлы і яе прадукцыйнасць. Ад гэтага залежыць і колькасць надоенага малака. А яно адзін з важнейшых складальнікаў эканомікі амаль кожнага сельгаспрадпрыемства. Таму сёння трэба працаваць у максімальна хуткім тэмпе.

Толькі далёкаму ад сельскай гаспадаркі чалавеку можа здавацца, што нарыхтаваць траў лёгка. Магчыма, хтосьці нават думае, што яны растуць самастойна, бяры і касі. Не, гэта не так. Каб атрымліваць добры ўраджай траў, імі трэба займацца: сеяць ды падсяваць, падкормліваць і своечасова касіць.

У гэтым сезоне на палетках Браслаўшчыны падчас першага ўкосу трэба скасіць 10 тыс. га. Травы ўжо набралі моц, і рыхтаваць іх трэба неадкладна. Усе гаспадаркі раёна падключыліся ўжо да корманарыхтоўчай кампаніі, але тэмп пакуль слабаваты. На раніцу 10 чэрвеня разам усе гаспадаркі раёна скасілі толькі 2 353 га, або 23,5 % ад плана. Найлепшы тэмп набралі ў «Агравідзах», «Маяку Браслаўскім» і «Друйскім». Падсобная гаспадарка нацпарка «Урбаны» лідзіруе па выкананні плана, тут ужо скасілі 38,9 %.

Нядзельны дождж крыху зноў замарудзіў работу, але працоўны тыдзень пачаўся са спрыяльнага для нарыхтоўкі кармоў надвор’я, таму з раніцы панядзелка ўся задзейнічаная на касьбе траў тэхніка зноў выехала на палеткі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.