Асноўны фронт работ у сельскай гаспадарцы сёння прыпадае на касавіцу, бо ўсе імкнуцца нарыхтаваць кармоў для жывёлы, каб хапала іх зімой. На раніцу чацвярга першым укосам у раёне скасілі 2 976 га, а гэта амаль 30 % ад плана. Як арганізавана корманарыхтоўка ў ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс», даведаліся ў яго дырэктара Аляксандра Міхайлава.
– Аляксандр Іванавіч, раскажыце, калі ласка, пра планы на гэты сезон.
– Цяпер у гаспадарцы агульны статак налічвае каля 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Для таго, каб накарміць яго зімой, нам трэба добра пастарацца і толькі падчас першага ўкосу скасіць 700 га траў, нарыхтаваць з іх 200 т сена, 3 300 т – сенажу і 1 000 т – сіласу. Летась моцна засушыла, і месцамі травы гарэлі. Адгукаецца тая засуха і сёння. Але калі аналізаваць і параўноўваць ураджай траў на нашых землях з мінулагоднім, то можна смела сказаць, што ён лепшы.
– Як працуе ваш корманарыхтоўчы атрад, колькі адзінак налічвае?
– На дадзены момант уся тэхніка працуе на касавіцы, бо стратэгічна важна скасіць травы своечасова, каб яны не перараслі. Атрад наш невялікі, усяго 8 адзінак. Штодзень працуюць 2 касілкі, граблі, КВК, на адвозцы – 2 МАЗы і МТЗ-3022 з прычэпам, на трамбоўцы – «Амкадор». Дарэчы, адзін з механізатараў на адвозцы зялёнай масы – наш памочнік, камандзіраваны з ТБЗ. Пры добрым надвор’і рабочы дзень пачынаецца з 7 гадзін раніцы: плануем фронт работ і выязджаем. Два разы ўсе механізатары атрымліваюць гарачае харчаванне. За дзень у сярэднім косім каля 30 га.
– Колькі ж нарыхтавалі кармоў на сённяшні дзень?
– Мы стараемся працаваць настолькі хутка, наколькі гэта дазваляюць нам абставіны. Безумоўна, не абыходзіцца без паломак тэхнікі ды капрызаў прыроды, а вось нараканняў у адрас свайго калектыву няма, тут усе працуюць зладжана, дапамагаюць адзін аднаму. Бачна, што людзі разумеюць важнасць сваёй работы і наколькі мы залежым ад яе выніку, бо кармы, безумоўна, найважнейшы складальнік далейшага эканамічнага становішча гаспадаркі. На раніцу 13 чэрвеня мы скасілі траў больш за 38 % ад плана, з іх нарыхтавалі 51 тону сена, або 25,5 % ад патрэбнага і залажылі 2 траншэі сенажом, а гэта прыкладна 750 тон сакавітага корму. Траншэю закладваем, захоўваючы тэхналагічныя нормы, каб не сапсаваць ні тоны стратэгічна важнага прадукту. Пакуль працуем у максімальна хуткім рытме, у першую чаргу рыхтуем сянаж, а потым зноў возьмемся за сена. Справа ў тым, што на нарыхтоўцы сена патрэбна менш тэхнікі, таму мы зможам пазней закрыць патрэбы ў цяперашнім яе недахопе на іншых работах.
– Дзякуй, Аляксандр Іванавіч, за змястоўную размову. ■
Гутарыла Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.