Будаўніцтва і паляванне на ваўчанят. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 45 гадоў таму назад

Отдых

Аўторак – дзень палітычнай інфармацыі

Перад будаўнікамі комплексу ў калгасе «Маяк» выступілі палітінфарматары міжкалгаснай перасоўнай механізаванай калоны. Яны расказалі пра эканамічнае і культурнае супрацоўніцтва СССР і краін, што сталі на шлях развіцця, акрэслілі ўзрастаючую ролю маральных якасцей чалавека ў барацьбе за камунізм і паведамілі, як МПМК-19 спраўляецца з выкананнем вытворчых заданняў.

Запрашае палатачны

З чэрвеня ў Леснічоўцы адкрыўся палатачны гарадок камбіната бытавога абслугоўвання. Для паслуг адпачываючых тут прапануюць водныя веласіпеды, прагулачныя лодкі, палаткі. У гарадок ужо прыбылі першыя госці з Мінска, якія правядуць у нашым горадзе свой водпуск.

Аўтограф будаўнікоў

У працаўнікоў гаспадарча-разліковага прарабскага ўчастка, як кажуць, свой почырк, добра вядомы гараджанам. Каб жыхары кватэр пасля рамонту не забываліся, хто яго рабіў, работнікі ўчастка пакідаюць аўтографы — кучы смецця ў дварах, пад вокнамі і дзвярамі. Месцамі ні прайсці, ні праехаць. А кіраўнікоў арганізацыі цікавяць толькі лічбы плана, астатняе іх не датычыць.

Браслаўскія навіны

– У школах раёна ідуць экзамены. Сёлета ва ўстановах адукацыі іх здаюць 469 дзесяцікласнікаў і 780 вучняў 8-х класаў. – У калгасе імя Чапаева будаўнікі МПМК-19 узводзяць два 8-кватэрныя дамы з усімі зручнасцямі. Яны прызначаны для спецыялістаў гаспадаркі, механізатараў і жывёлаводаў.

Перадавую тэхналогію – усім

Падчас сенакосу перад вяскоўцамі стаіць задача назапасіць не менш за 22 ц к. адз. на ўмоўную галаву БРЖ. Выкананне сацыялістычных абавязацельстваў залежыць ад падрыхтоўкі да «зялёнага жніва». Сёлета ў раёне на палеткі выйдуць каля 200 трактарных касілак, 170 здрабняльнікаў, 60 сіласаўборачных камбайнаў. У планах – шырокае прымяненне перадавой тэхналогіі прыгатавання вітаміннай мукі.

Багатыя фарбы і бедны змест

Маляўнічы стэнд насценнай газеты «Кааператар» затрымлівае позірк усіх, хто прыходзіць у праўленне райспажыўсаюза. Аднак калі пачытаць надрукаванае, то выяўляецца, што форма не адпавядае зместу: прыгожыя загалоўкі, але агульныя словы. Напрыклад, нумар да Дня Перамогі, дзе ні слова пра сваіх ветэранаў, ды і іншыя, прысвечаныя знамянальным датам. Члены рэдкалегіі абыякава адносяцца да выпуску газеты. На такія нумары, бадай, і паперу псаваць не варта.

Воўчая зграя… у мяху

Застрэліць ваўка шанцуе не кожнаму паляўнічаму. Своеасаблівым рэкардсменам у гэтай справе з’яўляецца жыхар вёскі Бабылі Пётр Мікалаевіч Мацук. На яго рахунку больш як 60 гэтых звяроў, знішчаных без стрэлаў: вопытны паляўнічы высочвае логавы драпежнікаў. Толькі ў маі – чэрвені ён адшукаў 3 сховішчы і ўпаляваў аж 17 ваўчанят – цэлую зграю.

Пасля рэканструкцыі

Выдатна папрацавала брыгада будаўнікоў райспажыўсаюза на рамонце сталовай, што па вул. Ленінскай у Браславе. Тут устанавілі новае тэхнічнае і гандлёвае абсталяванне, абнавілі інтэр’ер сталовай залы. Цяпер будаўнікі рамантуюць былое памяшканне ўнівермага. Пасля завяршэння работ у ім размесціцца магазін «Дзіцячы свет». ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.