Корманарыхтоўчая кампанія на Браслаўшчыне перасягнула экватар

Новости
Сельгаспрадпрыемствы раёна шчыруюць на палетках і актыўна рыхтуюць кармы для зімоўкі жывёлы. Але тэмп першай касавіцы трэба нарошчваць, кажуць ва ўпраўленні райсельгасхарчу.

І для гэтага ёсць падставы. Па-першае, праз месяц пачнецца жніво, і там асноўная рабочая сіла будзе накіравана на ўборку ўраджаю. Па-другое, корманарыхтоўчы план сёлета значна большы, чым летась, таму патрэбна выкарыстоўваць любыя магчымасці, каб выканаць яго. Дарэчы, для гэтага ў чатырох гаспадарках раёна ўзмоцнены кормаатрады. Чатыры новенькія 9-метровыя касілкі набылі «Друйскі», «Браслаўскі», «Агравідзы» і «Браслаўскі райаграсэрвіс», на справе такі агрэгат замяняе тры звычайныя маленькія касы. Да таго ж у «Агравідзах» яшчэ з’явілася сучасная мадэль граблей, якія сталі найлепшым памочнікам у нарыхтоўцы вяленых і сушаных траў. Дзякуючы такой дапамозе, касьба павінна паскорыцца.

Між тым пакуль надвор’е зменлівае, гаспадаркі робяць стаўку на запас сенажу, у больш гарачыя дні – пераходзяць на сена. Такім чынам, на раніцу панядзелка ў раёне агульнымі сіламі скасілі 56 % ад плана на першую касавіцу. Разам сельгаспрадпрыемствы раёна нарыхтавалі амаль 7 тысяч тон кармавых адзінак, што складае 21,77 % ад агульных патрэб. Пакуль на ўмоўную галаву жывёлы выходзіць крыху больш чым па 6 ц к. адз. Найлепшыя паказчыкі ў «Маяку Браслаўскім» (12,58 ц к. адз.), падсобнай гаспадарцы «Урбаны» (11,89 ц к.адз.) і «Браслаўскім райаграсэрвісе» (9,73 ц к.адз.). Зноў жа на раніцу 24 чэрвеня ў раёне нарыхтавалі кармоў у выглядзе сена 754 тоны, або 32 % ад плана, сенажу больш за 23 тысячы тон (45 %).

Калі параўноўваць наш раён з іншымі ў вобласці, то трэба адзначыць, што мы вельмі адстаём па тэмпах касьбы, і агульныя паказчыкі па корманарыхтоўцы ў нас меншыя, чым сярэднеабласныя, таму кіраўнікам гаспадарак варта мяняць тактыку і прадумваць стратэгію, каб паскорыць тэмп нарыхтоўкі кармоў. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.