Рэгулярна ў лідарах. Як браслаўчанін Вячаслаў Кныш аграрыям дапамагае

Новости
У гэтым сезоне ў лідары на корманарыхтоўцы ў раёне рэгулярна трапляе Вячаслаў Кныш. Яго прозвішча можна ўбачыць і ў спісе прафсаюзнага спаборніцтва, і па серадах на старонках нашага выдання ў адпаведнай табліцы.

Між тым Вячаслаў нават не працуе ў сельгаспрадпрыемстве: яго пастаянным месцам з’яўляецца торфабрыкетны завод. Але каторы год механізатара камандзіруюць на сезон у «Браслаўскі райаграсэрвіс», каб дапамагчы мясцовай гаспадарцы на асноўных работах.

Так, вясной В. Кныш сеяў збожжавыя культуры, а цяпер задзейнічаны ў корманарыхтоўчым атрадзе. На сваім МТЗ-3022 з прычэпам «Днепр» механізатар перавозіць з поля да траншэі зялёную масу.

Вячаслаў адказны чалавек, – расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Міхайлаў. У яго заўсёды дагледжаная тэхніка, ён хутка арыентуецца пры змене планаў, і для мяне важна, што на яго можна разлічваць у любы час: даў заданне – і не трэба думаць, выканае ён ці не. Я ў ім упэўнены, усё будзе зроблена як трэба. Таму рады такому памочніку.

Ад некаторых прыцягнутых да сельгасработ з іншых арганізацый час ад часу прыходзіцца чуць, як складана працаваць у гаспадарцы, а вось ад Вячаслава ніякіх нараканняў няма. Ён расказаў, што працаваць у аграсэрвісе яму падабаецца: задачы канкрэтныя, з дырэктарам адносіны добрыя, кормяць 2 разы на дзень, ды і заробак добры, а працаваць усюды трэба шчыра. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.