Аграрыі Браслаўскага раёна пачалі актыўную фазу падрыхтоўкі да жніва

Новости
На Браслаўшчыне ў разгары сезон корманарыхтоўкі, але ж сельгаспрадпрыемствы ўжо актыўна клапоцяцца пра жніво: рамантуецца і рыхтуецца да работы на палетках зернеўборачная тэхніка, сушыльныя прыстасаванні.

Па словах намесніка начальніка аддзела арганізацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу Наталлі Івановай, першыя камбайны выехалі ўбіраць ячмень 3 ліпеня. Гэтая культура, можна сказаць, новая для Браслаўшчыны, яна дазваляе атрымаць паўнавартасны бялок пры кармленні дойнага статка. Усяго ў раёне трэба ўбраць 928 гектараў, з іх 203 на палетках «Маяка Браслаўскага». Пачатак жніву ўжо пакладзены.

Дарэчы, дзякуючы гэтай ранняй кармавой культуры ў механізатараў ёсць магчымасць яшчэ да масавай уборкі выпрабаваць свой камбайн у справе і, калі што не так, паспець давесці яго да розуму.

Як расказаў галоўны спецыяліст аддзела механізацыі ўпраўлення райсельгасхарчу Максім Сельскі, у раёне маецца 41 камбайн, з іх 5 новых, якія былі набыты восенню 2023 года і чакаюць свайго першага выхаду ў поле. КЗС-1218 выедуць убіраць хлеб у «Маяку Браслаўскім», «Агравідзах», «Друйскім», «Слабодцы-агра» і «Браслаўскім».

Таксама з райбюджэту было выдаткавана 140 тыс. рублёў на закупку запчастак і рамонт іншай зернеўборачнай тэхнікі. Агульная гатоўнасць яе па раёне пакуль складае 83 %. Так, падрыхтавана больш за 90 % камбайнаў у «Маяку», 83 % – у «Друйскім». Астатнія гаспадаркі падцягваюцца.

Клапоцяцца цяпер і пра зернесушыльныя комплексы, сушылкі і ворахі, каб яны былі гатовыя прымаць і даводзіць збожжа да патрэбнай кандыцыі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.