Летась на турбазе «Браслаўскія азёры» ўпершыню арганізавалі ўласнае святкаванне Купалля. Ініцыятыва аказалася настолькі запатрабаванай, што на прадпрыемстве вырашылі гэты вопыт не толькі працягваць, а і развіваць.
«Запрасілі артыстаў, вогнішча запальвалі факеламі, якія прывезлі з возера на лодках. Было супер! Гасцям вельмі спадабалася, многія дзякавалі за тое, што мы вярнулі іх у маладосць і нават у дзяцінства», – расказаў пра першы вопыт дырэктар УП «Браслаўскія азёры» Іван Бялусь.
На хвалі такога поспеху сёлета мерапрыемства вырашылі паўтарыць. Больш за тое, дапоўніць яго новымі элементамі. Так, у праграму дадалі аквагрым, пляцоўку рамеснікаў, фотазону, работу летняга кафэ. Што важна, запрасілі на свята не толькі адпачываючых на турбазе, але і турыстаў з навакольных баз адпачынку і аграэкасядзіб, мясцовых жыхароў.
Зразумела, мерапрыемства спадабалася яго ўдзельнікам значна больш, чым папярэдняе. Плялі купальскія вянкі, шукалі папараць-кветку, вадзілі карагоды, скакалі праз агонь, спявалі і танцавалі…
«Цяпер мы плануем маштабіраваць свята, дабавіць у яго яшчэ больш цікавых актыўнасцей і нават арганізаваць тэматычны купальскі тур», – падсумаваў Іван Бялусь. ■
Тэкст і фота Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.