Сумеснае выязное пасяджэнне ў Друі: работа з людзьмі і ўзаемадзеянне суб’ектаў

Год качества
«Праводзіць пасяджэнне на сваёй тэрыторыі – гэта вялікая адказнасць і своеасаблівы экзамен для старшыні сельсавета. Станоўчым момантам з’яўляецца работа мабільных груп, што ацэньваюць і абазначаюць накірункі, над якімі яшчэ трэба працаваць. Гэта дапамога для мясцовых органаў кіравання», – адзначыла галава дэпутацкага корпусу Ніна Пучынская падчас выязнога сумеснага пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта на тэрыторыі Друеўскага сельсавета. Дэпутаты абмеркавалі ўзаемадзеянне органаў мясцовага кіравання і самакіравання, вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі завод спецыяльнай тэхнікі «Зарад», бальніцу сестрынскага догляду, магазін «Тип-топ», пабывалі на цэнтральнай плошчы Друі, дзіцячай пляцоўцы, ля Барысавага каменя, пазнаёміліся з творчасцю мясцовых умельцаў, ацанілі ўмовы адпачынку ў аздараўленчым лагеры «Браслаўская хваля».

Усё ўбачанае дэпутаты абмеркавалі на пасяджэнні, якому папярэднічалі маніторынгі спецыяльных мабільных груп, якія ацэньвалі санітарны стан і добраўпарадкаванне шэрагу населеных пунктаў, стан работы па вырашэнні жыццёва важных для насельніцтва пытанняў.


На тэрыторыі сельсавета налічваецца 74 населеныя пункты, 673 домаўладанні. Жывуць тут 1 436 чалавек. Маецца і ўся неабходная інфраструктура для забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва. У прыватнасці, гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляюць 7 спецыялізаваных кропак, там жа, дзе няма стацыянарных магазінаў, два разы на тыдзень заязджае аўталаўка, а таксама адзін раз у 7 дзён гандлюе СВК «Маяк Браслаўскі». Медыцынская сфера прадстаўлена бальніцай сестрынскага догляду, 2 ФАПамі і аптэкай.


Па словах старшыні сельсавета Ганны Бялюн, на падведамнай тэрыторыі на пастаяннай аснове аналізуецца стан пажарнай бяспекі, штогод разглядаюцца на пасяджэннях выканкама і сесіях пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў. Праводзіцца работа па працаўладкаванні непрацуючых грамадзян, у цесным супрацоўніцтве з установамі адукацыі вядзецца работа з нядобранадзейнымі сем’ямі, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Сельскі Савет дэпутатаў, сельвыканкам удзяляюць увагу ветэранам працы, інвалідам і адзінокім. Дарэчы, пытанні задавальнення патрэб і запытаў вышэйназваных катэгорый грамадзян знаходзяцца на пастаянным кантролі: па забеспячэнні палівам, апрацоўцы прысядзібных участкаў і інш. Дапамогу ў дзейнасці сельсавету аказваюць мясцовыя дэпутаты і 8 старэйшын, а інтарэсы жыхароў і прапановы, якія паступаюць падчас правядзення сустрэч дэпутатаў з насельніцтвам, максімальна ўлічваюцца пры фарміраванні плана мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, які штогод зацвярджаецца рашэннем сесіі. Разам з тым застаецца шэраг нявырашаных пытанняў.


На тэрыторыі функцыянуюць ААТ «Друйскі», пагранічная застава, чыгуначная станцыя, Друйская сярэдняя школа, 4 установы культуры (Дом культуры, 2 бібліятэкі, філіял дзіцячай школы мастацтваў), пажарны аварыйна-выратавальны пост, 2 паштовыя аддзяленні сувязі ў агр. Друя і Друйск (невялікія населеныя пункты абслугоўвае перасоўнае аддзяленне), прадстаўніцтва філіяла ААБ «Беларусбанк», 2 комплексна-прыёмныя пункты раённага камбіната бытавога абслугоўвання і інш. Двойчы ў месяц у Друі і Друйску ажыццяўляецца выязное абслугоўванне насельніцтва Браслаўскім РКБА і аказваюцца паслугі цырульні, прыёму абутку, бытавой тэхнікі ў рамонт, рэалізацыя тавараў уласнай вытворчасці. У будынку Друеўскага сельсавета функцыянуе стацыянарны сацыяльны пункт, у якім можна падаць неабходныя дакументы, атрымаць кансультацыю, паслугі ці матэрыяльную дапамогу.


Падводзячы вынікі пасяджэння, праводзімую сельсаветам работу ацанілі станоўча, аднак было выказана пажаданне яшчэ больш шчыльна працаваць з людзьмі і актыўней наладжваць узаемасупрацоўніцтва. «Мы бачым жаданне і імкненне старшыні вырашаць розныя пытанні, але ўсё павінна быць дасканала. Да гэтай работы неабходна актыўней падключаць дэпутатаў, мясцовае насельніцтва, каб узаемадзеянне было бачным і значным», – адзначыла Н. Пучынская. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка таксама заклікаў мясцовыя органы самакіравання глядзець наперад і шукаць эфектыўныя падыходы ў вырашэнні розных сітуацый, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з суб’ектамі гаспадарання. ■ Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.