Лукашэнка пра беларускую навуку: «Без гэтага рух наперад немагчымы»

Год качества
Ці зможа навука ў Беларусі зрабіць «квантавы скачок»? Лукашэнка патрабуе ад вучоных апярэджваць час.

Без рэальнага прарыву ў навуцы падняцца на наступную ступень развіцця эканомікі немагчыма, і таму навука павінна апярэджваць час, а не плесціся ў хвасце. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 ліпеня на сустрэчы з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Гэта група створана па распараджэнні кіраўніка дзяржавы ў чэрвені бягучага года. Яна працуе на пастаяннай аснове і павінна вывучаць пытанні практыкаарыентаванасці і выніковасці навуковых даследаванняў і распрацовак вучоных НАН Беларусі, укаранення распрацовак у галінах эканомікі і сацыяльнай сферы, распрацоўкі імпартазамяшчальнай прадукцыі і тэхналогій, экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі. Штогод рабочая група будзе прадстаўляць Прэзідэнту даклад пра вынікі работы і прапановы па вырашэнні выяўленых праблемных пытанняў.

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, Беларусь цяпер знаходзіцца на такім этапе развіцця, калі без навукі немагчыма зрабіць ніякага руху наперад. І ў краіне займаюцца навуковымі даследаваннямі як прыкладнога, так і фундаментальнага характару. Але з чым тады звязана стварэнне рабочай групы? Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: «Навуцы мы аддаём усе прыярытэты, без яе развіццё немагчыма. Але апошнім часам я бачу, што Акадэмія навук дапускала сур’ёзныя пралікі. Гэта таксама бывае. Навука такая рэч, калі даводзіцца ісці непраторанымі шляхамі, калі трэба асвойваць сур’ёзныя праблемы, браць вяршыні. Таму, зразумела, памылкі магчымыя. Але, што мяне насцярожыла, што памылкі дапускаліся Акадэміяй навук там, дзе іх быць не павінна, дзе мы ўжо нечаму навучыліся: у жывёлагадоўлі, у раслінаводстве». ■

Паводле матэрыялаў БелТА.