Звыш дзвюх тысяч гектараў складае сёлета клін збожжавых і зернебабовых у ААТ «Агравідзы» – гэта амаль пятая частка агульнараённай лічбы. Больш толькі ў «Маяку Браслаўскім».
Камбайнеры Андрэй Турын, Аляксандр Сусла, Леанід Паляк, Віктар Ундруль і накіраваны з РЭСа Мікалай Фадзееў (злева направа) – надзейная і зладжаная каманда. Працуючы плячо ў плячо, яны забяспечваюць гаспадарцы штодзённы намалот на ўзроўні 100 – 120 тон зерня.
Пры гэтым варта адзначыць, што нагрузка на камбайн тут увогуле самая вялікая – звыш 360 га. Акрэсленыя акалічнасці вымушаюць мясцовых аграрыяў працаваць не толькі максімальна самааддана, але і аператыўна: тэрміны, як вядома, адны на ўсіх.
Цяпер на палетках «Агравідзаў» поўным ходам кіпіць работа. Жніво, што называецца, у разгары. Азімы ячмень ужо ўбраны, абмалочана звыш паловы плошчаў, занятых рапсам, ідзе нарыхтоўка насення траў.
Аднак асаблівая ўвага сёння культуры нумар адзін – азімай пшаніцы. Пад ёй у гаспадарцы занята 560 гектараў. Абмалочана, дарэчы, ужо звыш 80 працэнтаў гэтай плошчы. Пры сярэдняй ураджайнасці каля 30 ц/га ўжо сабрана больш за 1,3 тысячы тон зерня. Па словах галоўнага агранома ААТ Вольгі Рыбаковай, штодзень на пшанічных палетках тут працуюць па 4-5 камбайнаў. Тэхніка пераважна айчыннай вытворчасці і ўся свая, людзі збольшага таксама. Разам з тым адзін механізатар накіраваны на дапамогу з горада: плячо падставіў Браслаўскі РЭС.
Працэс пабудаваны дакладна: абмалацілі, вывезлі, падсушылі, засыпалі на захоўванне. Салому тут жа круціць у рулоны прэс-падборшчык. Гаспадарскі падыход!
Так, наперадзе яшчэ шмат работы. За пшаніцай падыдуць іншыя культуры, потым ворыва, сяўба азімых ужо пад ураджай наступнага года… Аднак па ўсім бачна: у «Агравідзах» працуюць, зыходзячы з народнай мудрасці «летні дзень год корміць». Гэта значыць, што і плённа, і з душой. ■
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота аўтара.