За шматгадовую добрасумленную работу, дасканалае выкананне працоўных абавязкаў і значны асабісты ўклад у развіццё будаўнічай галіны напярэдадні прафесійнага свята вадзіцель аўтамабіля ДП «Браслаўская ПМК-42» Мікалай Котаў узнагароджаны Ганаровай граматай камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама.
Як прафесіянал Мікалай аж 39 гадоў круціць баранку аўтамабіля, і 37 з іх – у адзінай арганізацыі.
Пасля заканчэння Плюскай школы ён па накіраванні райваенкамата прайшоў курсы ў Відзаўскім СПТВ і ў хуткім часе быў прызваны на тэрміновую ваенную службу: у войсках супрацьпаветранай абароны ўмела і смела прызыўнік кіраваў бронетранспарцёрам.
Па вяртанні дадому Мікалай надта доўга не раздумваў пра свой далейшы лёс, амаль адразу працаўладкаваўся ў механізаваную калону і сеў за руль грузавіка. Немагчыма злічыць, колькі з таго часу перавёз на самазвале разнастайных грузаў. Толькі апошнім часам, працуючы ў Браславе на будаўніцтве 40-кватэрнага жылога дома і капітальным рамонце дома 17 А па вуліцы Кастрычніка, на ўзвядзенні малочнатаварнага комплексу паблізу аграгарадка Опса, Мікалай Котаў перавёз амаль 140 тысяч тон будаўнічых матэрыялаў. Норма яго выпрацоўкі склала з пачатку года 114 працэнтаў.
Па выніках плённай працы добрасумленнага вадзіцеля самазвала неаднаразова адзначалі граматамі райвыканкама, галаўнога прадпрыемства «Полацксельбуд» і самой механізаванай калоны.
Па словах кіраўніцтва ПМК42, Мікалай Іванавіч з’яўляецца прыкладам для іншых работнікаў арганізацыі. Ён ахвотна дзеліцца багатым вопытам з калегамі па рабоце, загадам па прадпрыемстве назначаны і ў якасці настаўніка. З яго дапамогай і падказкай маладыя вадзіцелі атрымліваюць неабходныя навыкі, якія паспяхова выкарыстоўваюць у далейшай рабоце. Бездакорны, адкрыты, таварыскі па характары, Мікалай Котаў вылучаецца актыўнай жыццёвай пазіцыяй, ахвотна ўдзельнічае ў агульных справах прафсаюзнай і ветэранскай арганізацыі. Гэтыя якасці працаўніка з вялікім жыццёвым і прафесійным вопытам з’яўляюцца падставай для таго, каб мець у калектыве заслужаны аўтарытэт. ■
Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.