Народны фальклорны калектыў «Вярба» з Дрысвят адзначыў сваё 35-годдзе

Новости
У гэтыя дні свой чарговы дзень нараджэння сустракае народны фальклорны калектыў «Вярба» з Дрысвят. Але гэта няпростая дата: роўна 35 гадоў таму назад гурт упершыню выступіў перад гледачамі.

Самабытны, каларытны, нацыянальны – так можна ахарактарызаваць гэты калектыў. А яшчэ гучны, вясёлы, музычны. Кожнае выступленне «Вярбы» – гордасць і захапленне ад таленту нашых землякоў. Аднак самае галоўнае, што вылучае гурт з шэрагу іншых, – рэпертуар, які грунтуецца на мясцовых песнях, гульнях, абрадах.

Прыемна, што за 35 гадоў існавання калектыў не страціў сваёй самабытнасці і працягвае традыцыі, закладзеныя першым кіраўніком Эміліяй Шавэла. Цяпер узначальвае «Вярбу» Тэрэза Гламбоцкая, хормайстрам з’яўляецца Сяргей Гламбоцкі, акампаніятарамі – Таццяна Трыдзенская і Іван Гедзюн. У складзе гурта прадстаўнікі розных арганізацый, у асноўным усе мясцовыя жыхары. Яны збіраюцца на рэпетыцыі, дзе развучваюць новыя песні, удасканальваюць ужо вядомыя.

«Вярба» – традыцыйны ўдзельнік раённых мерапрыемстваў, прадстаўляе Браслаўшчыну на абласных і рэспубліканскіх святах. З апошніх – «Славянскі базар у Віцебску». Там падчас выступлення на браслаўскім падвор’і ім паступіла прапанова даць канцэрт на адной са сцэнічных пляцовак на плошчы Свабоды. Калектыў не разгубіўся і выдатна выступіў са сваімі лепшымі нумарамі.

Самабытнасць дрысвяцкіх спевакоў заўважаюць. Не дзіўна, што яны неаднаразова становяцца ўдзельнікамі разнастайных тэлевізійных перадач. Толькі ў гэтым годзе ім ужо давялося зняцца ў праграмах «Наперад у мінулае», «Дадому ў невядомае», «Белыя росы».

Увогуле, «Вярба» – калектыў, ад якога падчас выступлення ідзе неверагодная цеплыня. За гады існавання ў самадзейных артыстаў напрацавана цікавая праграма, якую яны з задавальненнем паказваюць жыхарам раёна і такім чынам далучаюць да фальклорнай спадчыны. Бачна, што гледачы заўсёды іх падтрымліваюць, кажуць прыемныя словы пасля выступлення.

Калектыву – 35! Гэта цудоўная дата і, думаю, «Вярба» сустрэне яшчэ не адзін свой юбілей. ■


У мінулую суботу ў нашым аграгарадку на плошчы каля магазіна гэтае мерапрыемства сабрала шмат вяскоўцаў і прыезджых гасцей. Нагода надзвычай прыемная: у народнага фальклорнага калектыву «Вярба» Дрысвяцкага СДК было вялікае свята – 35-гадовы юбілей.
У пачатку мерапрыемства слова далі заснавальніку і першаму кіраўніку калектыву Эміліі Шавэла. Яна распавяла пра гісторыю яго стварэння, успомніла тых, хто стаяў ля вытокаў «Вярбы» і хто быў яе актыўным удзельнікам за гэтыя доўгія гады.
Юбіляры падрыхтавалі для сваіх адданых прыхільнікаў цікавую забаўляльную праграму. Пад вясёлую песню фальклорнага калектыву ў гонар такой знамянальнай даты ўсіх гледачоў пачаставалі квасам, а дзяцей – смачнымі хатнімі пернікамі. Вясёлыя песні, народныя танцы, душэўныя віншаванні, жарты, цікавыя конкурсы нікога з прысутных на свяце не пакінулі абыякавым. Многія гледачы не маглі ўседзець на месцы і пускаліся ў скокі.
Ад імя ўсіх аднавяскоўцаў хочацца выказаць вялікую падзяку кіраўнікам ансамбля Тэрэзе і Сяргею Гламбоцкім, усім яго ўдзельнікам за добры настрой, душэўнасць, пазітыў, якія яны падарылі нам, гледачам. Жадаем нашаму калектыву творчых поспехаў, запалу, моцнага здароўя, міру і дабра! ■

Марына ПЯТКЕВІЧ, старэйшына агр. Дрысвяты.


Алена НАБЕЕВА.