На мінулым тыдні з адказнай і вельмі прыемнай місіяй наш раён наведала старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава. Яна прывезла медаль, граматы, сертыфікаты, падзякі і падарункі для браслаўчан, што шчыра і аддана працуюць у сельскай гаспадарцы.
Прафсаюзны лідар пабывала ў розных сельгаспрадпрыемствах раёна, пагутарыла з іх работнікамі, сустрэлася з маладымі спецыялістамі, асаблівую ўвагу надала маніторынгу ўмоў працы жывёлаводаў і механізатараў Браслаўшчыны, а таксама ўручыла заслужаныя ўзнагароды працаўнікам сяла.
За высокія паказчыкі ў галіне свінагадоўлі сярод іншых у вобласці зноў вызначыўся свінакомплекс СВК «Маяк Браслаўскі». Па выніках прафсаюзнага штоквартальнага спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі на гэты раз лепшай стала аператар па адкорме і вырошчванні свіней Таццяна Жукоўская. Менавіта ёй шчыра апладзіравалі падчас узнагароджання калегі.
За перамогу ў тым жа спаборніцтве, толькі сярод аператараў па вырошчванні і адкорме маладняку БРЖ, Таццяна Дзіканава ўручыла грамату і прэмію Алене Ядзяла з цялятніка «Опса», а калектыву МТФ «Якавічы» за другое месцы дастаўся каштоўны падарунак – мікрахвалёвая печ у пакой адпачынку на ферме.
Расчулілася Вольга Магрын, калі атрымлівала з рук абласнога прафсаюзнага лідара медаль «120 лет профсоюзному движению Беларуси». Нямала добрых слоў яна пачула ў свой адрас ад Т. Дзіканавай, старшыні сельгаскааператыва Рамуальда Шукяля і калег, з якімі кожны дзень дзеліць нялёгкую, але такую важную і патрэбную працу.
За высокі прафесіяналізм, стабільныя творчыя паказчыкі, адданасць справе і асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу ад галіновага прафсаюза адразу 2 сертыфікаты па 120 рублёў атрымалі механізатары ААТ «Агравідзы» Аляксандр Сакалоў і Валянцін Гасянец.
У гэтай жа гаспадарцы абласны старшыня прафсаюза работнікаў АПК пацікавілася ўмовамі працы работнікаў: завітала на машынны двор, наведала мехмайстэрню, пакой для адпачынку. Яна дала нямала слушных парад інжынеру па ахове працы, нагадала, што трэба больш увагі надаваць камфортным умовам для работнікаў, клапаціцца пра іх быт.
Далей прыемныя навіны прывезлі ў «Браслаўскі райаграсэрвіс». Тут падзяку з вобласці і падарунак атрымала повар сталовай сельгаспрадпрыемства Марыя Пупіна, якая штодзень гатуе смачныя абеды і падвячоркі для механізатараў гаспадаркі.
– Мы рэгулярна арганізоўваем мерапрыемствы, якія ў першую чаргу накіраваны на абарону правоў сельскіх работнікаў, паляпшэнне іх умоў працы і адпачынку, а таксама з задавальненнем адзначаем лепшых, каб стымуляваць лідараў рухацца наперад, а астатніх – падцягвацца да іх паказчыкаў, – сказала Таццяна Дзіканава. ■
Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.