Уборачная кампанія на Браслаўшчыне блізіцца да завяршэння. Паралельна распачаты работы пад ураджай будучага года

Год качества
Цяпер для аграрыяў наступіў самы складаны час, калі поўным ходам ідзе ўборка ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, паралельна збіраюць насенне злакавых траў, працягваецца корманарыхтоўка і ўжо закладаецца аснова на будучы год: земляробы апрацоўваюць глебу ды сеюць азімы рапс, уносяць гліфасаты.

Улічваючы гэтыя акалічнасці, зразумела, што нагрузка на тэхніку каласальная, а на работнікаў яшчэ большая: у гаспадарках востра адчуваецца недахоп кадраў, механізатары перасаджваюцца з адной машыны на другую. Але ж, нягледзячы на гэта ды таксама на капрызы прыроды, сельгаспрадпрыемствы раёна ў большасці спраўляюцца з пастаўленымі задачамі.

Калі казаць пра ўборачную, то, па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на раніцу 15 жніўня план па ўборцы збожжавых і зернебабовых закрыты на 73 %. Намалочана амаль 14 тысяч тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць на Браслаўшчыне складае 16,9 ц/га. Завяршылі жніво пакуль толькі ў ПСГП «Урбаны». Найбольшы ўраджай збіраюць маякоўцы: яны ўжо маюць 6 400 тон збожжа пры ўраджайнасці 23,9 ц/га. Але трэба адзначыць, што вага агульнага караваю сёлета значна ніжэйшая. Летась на гэтую ж дату абмалацілі 66 % ад плана, але на круг бралі 22,6 ц/га, а маякоўцы ўвогуле – 33 ц/га.

А вось для росту траў сёлета, наадварот, спрыяльныя ўмовы. Так, на сярэдзіну жніўня ў раёне назапасілі амаль 17 тысяч тон зялёнай масы і сена, гэта ў сярэднім па 15,14 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, у той час як летась было толькі 13,36. Больш за ўсіх кармоў на зімоўку назапасілі зноў жа ў «Маяку Браслаўскім». Цяпер у іх маецца па 25,31 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, што на 7,62 ц к. адз. больш, чым у мінулым годзе.

З узворваннем глебы мы таксама сёлета вырваліся наперад: калі летась на 15 жніўня было апрацавана глебы 1 956 га, то цяпер – 2 300 га, або 21,3 і 24,5 % адпаведна.

Азімы рапс сеюць усе гаспадаркі, акрамя «Слабодкі-агра» і «Бярэзіцы»: яны пакуль не прыступілі да гэтага віду работ, хоць ужо час. Астатнія разам засеялі 338 га, а гэта 18,8 % ад запланаванага.

Такім чынам, адзначым, што работа на палетках Браслаўшчыны кіпіць. І, нягледзячы на складанасці з тэхнічнымі і кадравымі рэсурсамі, трэба шукаць выйсце, каб закончыць сельскагаспадарчы сезон своечасова. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.