«Праз стагоддзі пад Тваёй апекай, Марыя!». Касцёл у Браславе абвешчаны малой базылікай

Новости
Кожны, хто прыязджае ў Браслаў, не толькі бачыць навакольную прыгажосць, але і ў душы адчувае прысутнасць Маці Божай і шчодрыя ласкі, адрасаваныя тут людзям, зазначыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, вітаючы ў мясцовым санктуарыі ўдзельнікаў штогадовага фэсту ў гонар Валадаркі азёр. Сёлета мерапрыемства праходзіла пад дэвізам «Праз стагоддзі пад Тваёй апекай, Марыя!» і адбывалася на фоне шэрагу юбілейных дат ды значных падзей, што надало яму велічнасці і ўрачыстасці.

РАДАСЦЬ СУСТРЭЧ

Па традыцыі святкаванню папярэднічала сустрэча на прыступках перад Браслаўскім санктуарыем пілігрымаў з Глыбоцкага, Міёрскага і Пастаўскага раёнаў. Кожная група адолела розны па працягласці шлях – ад 40 да 120 кіламетраў. Адны ішлі пешшу, іншыя рушылі ў вандроўку на веласіпедах, аднак усіх іх аб’яднала духоўнае падарожжа – са спазнаннем сябе, з разнастайнымі інтэнцыямі і малітвай, у тым ліку за Віцебскую дыяцэзію, якая сёлета адзначае 25-годдзе яе заснавання.

Дарэчы, з гісторыяй браслаўскага касцёла і парафіі ўдзельнікі фэсту маглі пазнаёміцца падчас адмысловай прэзентацыі, зладжанай у санктуарыі. Важкую дату не раз у ходзе ўрачыстасцей узгадвалі і каталіцкія іерархі. «Сёння, святкуючы юбілей вашай дыяцэзіі, хочам дзякаваць праз Марыю Яе Сыну Езусу Хрысту, які паклікаў нас, які збавіў нас, які прыйшоў да нас, каб нас весці. Таму няхай і далейшае вашае дыяцэзіяльнае падарожжа будзе ў супольнай малітве, ва ўзаемнай любові і таксама ў непахіснай надзеі», – пажадаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён узначаліў працэсію са свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза Валадаркі азёр, удзельнікі якой разам з пяццю біскупамі ішлі па начным Браславе, спявалі марыйныя песні і прамаўлялі ружанцовую малітву. Дарэчы, на яе асаблівую моц яшчэ падчас вячэрняй цэлебрацыі звярнуў увагу прысутных генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, як і на важнасць пацвярджэння хрысціянскай сталасці. Тым часам на святой імшы сакрамэнт канфірмацыі прынялі не толькі каля сямідзесяці юнакоў і дзяўчат, а і некалькі дарослых вернікаў з розных парафій Браслаўшчыны.

Узнёслы момант малітоўнага акта аддання пад апеку Маці Божай.


ШЧЫРЫЯ ВІНШАВАННІ

У суботу святкаванні ў гонар Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёр, прадоўжыліся віншаваннямі з нагоды 25-гадовага юбілею заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Іх ад імя канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі і ад сябе асабіста выказаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён назваў чвэрць стагоддзя дзейнасці дыяцэзіі падарожжам з Богам і заклікаў вернікаў пастаянна аднаўляць сувязь з Хрыстом, каб жыццё было багатым на плён Божага Валадарства.

Сакратар апостальскай нунцыятуры ў Мінску мансіньёр Кшыштаф Сэрока агучыў дэкрэт аб наданні Браслаўскаму санктуарыю тытула малой базілікі.


Асноўныя падзеі другога дня датычыліся святой імшы на палявым алтары-караблі. Перад яе пачаткам пастыр маладой дыяцэзіі Алег Буткевіч акрэсліў 25 гадоў яе існавання як перыяд аднаўлення веры, стварэння парафіяльных супольнасцей і абуджэння жыцця ў іх. Наступнае ж яго паведамленне стала для ўдзельнікаў фэсту нечаканай, але радаснай весткай: у знак прызнання заслуг вернікаў і духавенства Віцебскай дыяцэзіі, як і шматлікіх папярэдніх пакаленняў, дэкрэтам апостальскай сталіцы санктуарый Маці Божай Браслаўскай атрымаў статус малой базілікі. «Наданне гэтага тытула браслаўскаму касцёлу не толькі падкрэсліць значэнне гэтай шанаванай святыні, такой важнай у гісторыі Касцёла Віцебскай дыяцэзіі, а і стане важным цэнтрам малітвы таксама і ва ўсіх інтэнцыях святога айца Папы Францішка, месцам паглыблення веры і жыцця, згоднага з вучэннем Касцёла», – адзначыў біскуп Віцебскі.

Важная падзея духоўнага жыцця не засталася па-за ўвагай прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Іван Здзесеў зачытаў віншавальны адрас ад кіраўніка вобласці Аляксандра Субоціна, а намеснік старшыні Браслаўскага райвыканкама Вольга Вялічка перадала віншаванні са святам ад імя райвыканкама і райсавета. ■


Сёлетні фэст адзначаўся ў год некалькіх значных юбілеяў: 600-годдзя заснавання парафіі ў Браславе, 200-годдзя з часу пабудовы ў горадзе мураванага касцёла, 25-й гадавіны заснавання Віцебскай дыяцэзіі і ўтварэння дыяцэзіяльнага санктуарыя Валадаркі азёр, 15-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай папскімі каронамі.


Сярод удзельнікаў было шмат юнакоў, дзяўчат і дзяцей малодшага ўзросту


Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.