У Браслаўскім раёне прайшоў выязны прэзідыум райсавета. Глядзіце, як гэта было

Год качества
Выязныя пасяджэнні прэзідыума райсавета з наведваннем шматлікіх аб’ектаў у пэўным сельсавеце раёна добра сябе зарэкамендавалі і, можна сцвярджаць, палюбіліся іх удзельнікам. Такая практыка плённая для абодвух бакоў – што для мясцовай улады, што для людзей: яна дае магчымасць убачыць недахопы і выкараніць іх, падзяліцца і пераняць карыснае, а самае галоўнае – заўважыць мясцовых жыхароў з іх штодзённымі жыццёвымі праблемамі, захапленнямі і памкненнямі. І гэта з поспехам атрымліваецца.

Яскравым пацвярджэннем удалага ўзаемадзеяння на мясцовым узроўні стала выязное пасяджэнне ў Цяцеркаўскім сельсавеце, дарэчы, адным з самых малаколькасных па ліку насельніцтва: тут жывуць 820 чалавек, у некаторых населеных пунктах і ўвогуле засталіся па два жыхары. Зразумела, задач, што патрабуюць вырашэння і ўвагі з боку мясцовай улады, хапае, але пакуль ёсць яшчэ людзі, якія тут жывуць, працуюць і займаюцца творчасцю, вёска будзе існаваць. Такая думка не раз паўтаралася ў ходзе мерапрыемства, і з ёй цяжка не пагадзіцца. Менавіта дзякуючы руплівым рукам чалавека на тэрыторыі сельсавета падтрымліваецца парадак, захоўваецца чысціня на могілках, прыгажосць на падворках вяскоўцаў і ў грамадскіх месцах, ствараюцца клумбы і з’яўляюцца арт-аб’екты.

І першым прыкладам самаадданасці малой радзіме можа служыць старэйшына аграгарадка Мількі Францішка Зотава, чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і дзейсным характарам, – менавіта такія становяцца памочнікамі старшыні сельвыканкама. Апошнім месцам працы Францішкі Іосіфаўны была бібліятэка, а сёння жанчына прыглядвае за касцёлам святога Іосіфа ў Барадзенічах. Начытаная і адукаваная, яна падрабязна расказала гісторыю храма ад заснавання па сённяшні час. Удзельнікі мерапрыемства змаглі пранікнуцца атмасферай касцёла, некаторыя тут былі ўпершыню.

Літаральна побач другі сацыяльна важны аб’ект – Барадзеніцкі ФАП. Будынак, зразумела, не новы (раней гэта быў жылы дом), але ён акуратны, чысценькі і знешне, і ўнутры, адпавядае патрэбным стандартам. Штодзень, кажа загадчыца – памочнік урача амбулаторна-паліклінічнай дапамогі Наталля Цімафеева, на ФАП па дапамогу звяртаюцца чалавек сем. Усё ж неабходнае для аказання першасных медыцынскіх паслуг ёсць. Тут жа, як і ва ўсіх фельчарскаакушэрскіх пунктах, можна набыць лекі.

Падворак старэйшыны вёскі Цяцеркі Надзеі Касцюкевіч, яшчэ адной правай рукі старшыні Цяцеркаўскага сельвыканкама, – годны ў плане добраўпарадкавання прыклад для пераймання: участак патанае ў кветках, яго ўпрыгожваюць арт-аб’екты, газон, агароджа – таксама ў парадку. А як інакш, старэйшына ж павінна адпавядаць свайму званню і весці за сабой мясцовых жыхароў.

Далей – пераезд у Іказнь і азнаямленне з яе набыткамі. На плошчы каля касцёла ўдзельнікаў выязнога пасяджэння чакалі жыхары: жанчыны падрыхтавалі цэлую выставу сваёй творчасці. Хтосьці захапляецца фатаграфіяй, нехта – алмазнай вышыўкай, вязаннем, выпечкай – тут майстрыцы на ўсе рукі. «Гэта на самай справе дарагога каштуе, каб людзі паказалі сваю творчасць, а значыць – раскрылі душу. Паглядзіце, якія таленавітыя, шчырыя, добрыя! Такое не забываецца і падкупляе», – падзяліўся сваімі меркаваннямі старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка. Пад прыемным уражаннем усе засталіся і ад наведвання Іказненскага Дома культуры, музея, падарыў станоўчыя эмоцыі таксама невялічкі канцэрт ад групы «Фортэ».

І магазін Верхнядзвінскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства № 30 не выклікаў нараканняў на момант наведвання. Усё патрэбнае – як прадукты, так і тавары першай неабходнасці – тут можна набыць.

Хоць і няма на тэрыторыі сельсавета нейкай буйной вытворчасці, аднак ёсць фермеры, што ўжо гадамі сябе зарэкамендавалі. Пра свае фермерскія гаспадаркі «Запружаны» і «Укляна» расказалі добра вядомыя ў раёне Сяргей Скарадзёнак і Аляксандр Вецер – людзі, якія любяць і, што немалаважна, умеюць працаваць на зямлі.

Фермер Сяргей Скарадзёнак расказвае ўдзельнікам мерапрыемства пра сваю гаспадарку «Запружаны».


Падводзячы вынікі выязнога пасяджэння, старшыня райсавета Ніна Пучынская шчыра дзякавала старшыні Цяцеркаўскага сельсавета Іне Лысенка, яе памочнікам у асобах старэйшын і людзям за работу, за іх адносіны да жыцця. «Як сказаў наш Прэзідэнт, пакуль жыве вёска – жыве краіна. І сапраўды, нашы населеныя пункты, дзе, зразумела, сустракаюцца жыццёвыя праблемы, з такой падтрымкай, як мясцовыя людзі, абавязкова будуць існаваць і развівацца», – сказала Н. Пучынская. ■

Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.