Ушаноўвалі лідара жніва прама ў полі ля камбайна. Шмат добрых слоў падзякі прагучала ў яго адрас ад кіраўніка раёна Вячаслава Грышчанкі, старшыні гаспадаркі, прафсаюза работнікаў АПК і начальніка аддзела ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама, прадстаўніка раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Наталлі Спірыдонавай.
За добрасумленную працу, асабістыя якасці і першае месца ў спаборніцтве на хлебнай ніве Міхаіл Вайтанец атрымаў дыплом, падарункі і прэміі, а таксама вымпел лідара.
Міхаіл Вайтанец падчас уборачнай ішоў нага ў нагу з хлебаробам ААТ «Агравідзы» Леанідам Паляком: іх намалот адрозніваўся ўсяго некалькімі дзясяткамі тон. Дарэчы, апошні летась стаў першым тысячнікам раёна. Сёлета крыху не дацягнуў і перадаў лідарства Міхаілу.
З віншаваннем паспяшалася кіраўніцтва раёна. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка паціснуў руку лідару спаборніцтва Міхаілу Вайтанцу і кіраўніку сельгаскааператыва Рамуальду Шукялю. Глава раёна ад душы падзякаваў ім за працу і падкрэсліў, што на свае вочы бачыў, як стараліся маякоўцы атрымаць добры ўраджай: «кармілі» палеткі, прытрымліваліся тэхналагічных нормаў пры сяўбе і вырошчванні будучага хлеба. «Бачна, што тут працуюць прафесіяналы, адданыя зямлі людзі, якія любяць тое, чым займаюцца, і робяць усё магчымае, каб атрымаць добры ўраджай», – сказаў В. Грышчанка.
У раёне па традыцыі ўрачыста ўшаноўваюць лідара хлебнай нівы.
Як прызнаўся на цырымоніі ўзнагароджання старшыня «Маяка Браслаўскага» Рамуальд Шукель, ён кожны раз браў у рукі «Браслаўскую звязду» з табліцай прамежкавых вынікаў працоўнага спаборніцтва, наладжанага прафсаюзам работнікаў АПК, і хваляваўся за сваіх. Хацелася яму парадавацца за «маякоўцаў». І гэты час настаў! Тысячніка Міхаіла Вайтанца гаспадарка адзначыла важкай прэміяй за шчырую працу і адданасць сваёй справе.
Дарэчы, на днях Леанід Паляк з ААТ «Агравідзы» таксама павінен дайсці да запаветнай лічбы ў тысячу тон.
Жніво на Браслаўшчыне фінішуе. На раніцу 27 жніўня ў раёне было ўбрана збожжавых і зернебабовых культур (без уліку кукурузы) 98,7 працэнта ад плана. ■
Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.