Першая партыя мэблі, чысціня ў горадзе. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 35 гадоў таму назад

Новости

ЦІКАВЫЯ ЗНАХОДКІ

З дапамогай групы аквалангістаў Мінскага педінстытута праводзілася абследаванне дна возера ў Іказні. Яе ўдзельнікам удалося адшукаць некалькі вялікіх бярвенняў, якія ляжаць побач. Яны нагадваюць выдзеўбаныя чоўны і закіданыя камянямі – магчыма, пацвердзіцца старажытная легенда пра аблогу замка, да якога дарогу па прытопленым мосце паказала карова. Падводнае даследаванне парадавала таксама баявой сякерай XVI ст. і кафляй XV – XVII стст.

ЗРУЧНАСЦІ ПА-БРАСЛАЎСКУ

Кватэра з усімі зручнасцямі – сапраўдны рай! Праўда, у браслаўчан, якія маюць кватэры ў мікрараёне шматкватэрных дамоў, асабліва на 4 – 5 паверхах, жыццё не такое ўжо і райскае. Скажам так, успаміны пра гарачую ваду выклікаюць у іх зубны боль: за 8 – 10 гадоў спачатку з перабоямі, але карысталіся ёй, затым быў 5-гадовы перапынак. І вось гэтай вясной палілася з кранаў доўгачаканая гарачая вада. Многія з павагі да камунальнай службы заплацілі за яе за 3 месяцы, але з 1 жніўня на верхніх паверхах вада знікла, як здань. Каб табе булькнула!

ПЕРШАЯ ПАРТЫЯ МЭБЛІ

Вытворчае аб’яднанне будматэрыялаў адгрузіла ў гандаль першую партыю мэблі. За кароткі тэрмін майстры сталярнага цэха асвоілі выраб мяккага кутка, якому далі назву «Браслаў». У набор уваходзіць ложак-канапа, два мяккія крэслы і столік. Яго кошт – 515 рублёў. Калектыў цэха плануе штомесяц пастаўляць прадпрыемствам гандлю па 30 камплектаў такой мэблі. Набыць іх браслаўчане змогуць у гаспадарчых магазінах горада, Ахрэмаўцаў і Опсы.

ЗА ЧЫСЦІНЮ Ў ГОРАДЗЕ

Ці задаваліся вы пытаннем, колькі па Браславе урнаў для смецця? Высветлілася – 43, з якіх 11 знаходзяцца ў парку. Так што на горад застаецца няшмат. Між тым яны павінны быць на кожным аўтобусным прыпынку, ля кожнага магазіна і ўстановы. І горад брудны не ад нашага бескультур’я, а збольшага па гэтай прычыне. І не толькі: раённая санстанцыя адзначае, што дрэнна працуюць ачышчальныя збудаванні, не пабудаваны туалет у «Леснічоўцы», не рэканструяваны пляж і інш. Калі ж наш горад будзе здзіўляць чысцінёй? НОВАЕ Ў АРГАНІЗАЦЫІ ГАНДЛЮ У раёне востра стаіць пытанне забеспячэння насельніцтва прамысловымі і харчовымі таварамі. Нестабільнасць рынку выклікае неадпаведны попыт: узнікае чутка – і прылаўкі магазінаў пусцеюць. Цяпер ажыятаж узняўся вакол сшыткаў. Пры іх двухгадовым запасе дастаткова было некаму узяць па пачку, як попыт падскочыў – давялося ўводзіць талоны. Становішча абвастрае і вялікая колькасць адпачываючых. Таму быў арганізаваны продаж тавараў для пайшчыкаў – для мясцовага насельніцтва, а нядзеля ў прамысловых магазінах аб’яўлена выхадным днём.

ЦІ ЎСЁ ЛЕПШАЕ АДДАЁМ ДЗЕЦЯМ?

У Браславе 4 дзіцячыя сады і 1 яслі. Знікла праблема іх перапоўненасці, але існуе шэраг іншых. Цяпер хапае агуркоў, памідор, капусты, а дзецям даюць кашу ці макарону: па кааператыўных цэнах садам гародніну купляць забаронена, а па дзяржаўных яе ў магазінах няма. Не пастаўляюць малым ялавічыну і кураціну, частыя перабоі з грэчкай і яйкамі. Работнікам прыходзіцца выпрошваць у райспажыўсаюза мыйныя сродкі, а рамонт – увогуле стыхійнае бедства. Хіба так мы павінны клапаціцца пра дзяцей?

ЗАПРАШАЕ ТУРБАЗА «БРАСЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ»

У 1959 г. адкрылася турыстычная база «Браслаўскія азёры». Спярша на беразе воз. Дрывяты стаялі палаткі, потым іх змянілі драўляныя домікі і карпусы. Аднак калі раней людзей прываблівала рамантыка водных паходаў, то цяпер – адпачынак на тэрыторыі турбазы, дзе ім прапаноўваюць шэраг мерапрыемстваў. Таму ў наступным годзе пачнецца яе рэарганізацыя: замест драўляных будынкаў узвядуць 10 камфартабельных карпусоў на 50 месц кожны і 1 круглагадовы – на 100. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.