У Віцебску прайшла абласная педагагічная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі

Новости
У Віцебску прайшла абласная педагагічная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі. У яе рабоце прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, якія ўручылі прадстаўнікам галіны ўзнагароды за высокія паказчыкі ў працы. З грашовым сертыфікатам на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі вярнулася дадому і дэлегацыя Браслаўскага раёна.

Каля паўтысячы педагогаў паўночнага рэгіёна – кіраўнікі адукацыйных устаноў, метадысты, настаўнікі і ветэраны педагагічнай працы – сабраліся, каб абмеркаваць актуальныя пытанні навучання і патрыятычнага выхавання дзяцей.

– Канферэнцыя атрымалася вельмі змястоўнай, – падзялілася ўражаннямі начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі Людміла Каптур, – бо яе тэма, якая датычылася прынцыпаў якасці работы па ўдасканаленні педагагічнай сістэмы Віцебшчыны, дала магчымасць разгледзець значныя для сферы пытанні. Важна, што ў аблвыканкаме сістэме адукацыі ўдзяляюць вялікую ўвагу. Так, кіраўнік вобласці Аляксандр Субоцін падкрэсліў агульную мэту – выхаваць годных грамадзян нашай краіны, гатовых працаваць на яе развіццё з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, а таксама паставіў задачы на новы навучальны год – канкрэтныя, дакладныя. Вельмі прыемна было пачуць ад яго і падзяку за працу, а тым больш атрымаць грашовы сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў (так былі адзначаны высокія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання: Браслаўскі раён сёлета заняў трэцяе месца ў рэйтынгу).

Таксама педагогі маглі ацаніць сваю працу на фоне дзейнасці адукацыйнай сістэмы Віцебшчыны: яе грунтоўны аналіз прадставіў начальнік галоўнага ўпраўлення аблвыканкама па адукацыі Дзмітрый Хома. Значныя падзеі і праблемныя пытанні, прыярытэтныя напрамкі ў працы, прафарыентацыя, інклюзіўнае навучанне, маладыя кадры і інш. – кола тэм было надзвычай шырокім.

Па словах Л. Каптур, уключэнню ў атмасферу педагагічных дасягненняў паспрыяла і выстава, дзе былі прадстаўлены метадычныя і навуковыя распрацоўкі, здабыткі, творчыя праекты педагогаў і студэнтаў ВДУ імя П. М. Машэрава, – менавіта ў гэтай установе проходзіў форум. ■

Жанна БЯЛЬКО.