Штогод у першую нядзелю верасня ў нашай рэспубліцы праводзіцца Дзень беларускага пісьменства. Сёлета ўрачыстасці прайшлі 31 жніўня – 1 верасня.
Гэтае свята падкрэслівае важнасць нацыянальнай мовы і літаратуры, а таксама спрыяе іх папулярызацыі, паказвае адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстроўвае гістарычны шлях пісьменства.
Сталіцай Дня беларускага пісьменства традыцыйна вызначаецца горад, які пакінуў значны след у гісторыі нашай зямлі як цэнтр кнігадрукавання і літаратуры, асветы і культуры, з якім непарыўна звязана жыццё і дзейнасць выдатных людзей Беларусі розных часоў. Не дзіўна, што ўпершыню свята ў гонар друкаванага слова адбылося ў 1994 годзе ў старажытным Полацку – на радзіме Францыска Скарыны.
У 2024 г. Дзень беларускага пісьменства прыме горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці.
У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама ў рамках Дня беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу лепшых літаратурных твораў года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў. ■
Падрыхтавала Жанна БЯЛЬКО.
Фота БелТА