«Якасная адукацыя – моцная дзяржава», пад такім дэвізам у Мінску прайшоў Рэспубліканскі педагагічны савет, у якім прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Форум сабраў больш за 2,5 тысячы педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі і галіновага прафсаюза. У цэнтры ўвагі знаходзіліся стратэгічныя пытанні развіцця сферы, гатоўнасць школ, новыя падручнікі, падрыхтоўка маладых спецыялістаў і шэраг іншых.
Уражаннямі ад удзелу ў маштабным мерапрыемстве з «Браслаўскай звяздой» падзялілася Людміла Каптур, начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі:
– На педагагічным форуме панавала рабочая атмасфера. Усё было сумленна, канкрэтна, лаканічна і дастаткова востра: гаворка ішла пра актуальныя, надзённыя пытанні. Так, у сферы маюць месца пэўныя праблемы, і Прэзідэнт іх бачыць, разумее і трымае на кантролі.
Аляксандр Лукашэнка дакладна абазначыў найважнейшую задачу школы – фарміраванне кадраў. Беларусі патрэбны інжынеры, якія будуць узводзіць гарады, ваенныя – абараняць яе, педагогі – вучыць і выхоўваць маладое пакаленне і аграрыі – карміць краіну.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што трэба вяртаць прэстыж прафесіі педагога – апоры дзяржавы. Настаўнік у першую чаргу сам павінен быць патрыётам, бо толькі такі чалавек можа выгадаваць і выхаваць патрыёта. І гэта, несумненна, так. Менавіта педагог закладвае каштоўнасныя арыенціры, і ад яго падрыхтоўкі і асабістых якасцей шмат у чым залежыць поспех вучня, развіццё яго як асобы.
Таксама кіраўнік дзяржавы зрабіў вялікі акцэнт на працоўным выхаванні, якое павінна закладвацца як мага раней.
Задачы перад намі пастаўлены выразна, і толькі ад адказнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу будзе залежаць іх рашэнне. А адказнасць, разуменне сур’ёзнасці місіі ў прадстаўнікоў сферы ёсць – гэта было бачна падчас зносін з калегамі, аднадумцамі.
Цяпер перада мной стаіць важная мэта – данесці ўсё пачутае педагогам раёна. ■