Штогод у Браславе здзяйсняецца комплекс работ па ўдасканаленні вулічнай дарожнай сеткі. Вось і сёлета вул. Ленінская абнавілася яшчэ адным участкам пешаходнай дарожкі, таксама праведзены рамонт тратуара каля паліклінікі, пад’езду да кантэйнернай пляцоўкі для камунальных бытавых адходаў у канцы вул. Садовай, скрыжавання каля заезду на дыягнастычную станцыю. Сумесна з прадпрымальнікамі ідзе добраўпарадкаванне пад’езду да дзіцячага сада № 1 і гандлёвых павільёнаў па вул. Кастрычніка.
На мінулым тыдні ДРБУ142 адрамантавала вуліцу Піянерскую. Увесь летні сезон работнікі дарожнай арганізацыі напружана працавалі на падведамных дарогах мясцовага значэння, дзе на сённяшні дзень правялі бягучы рамонт участкаў агульнай працягласцю звыш 31 кіламетра. Гэта ў два разы больш, чым летась, і планавыя работы яшчэ не завершаны, але цяпер упраўленне на некалькі дзён накіравала работнікаў са спецыяльнай тэхнікай у горад.
У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, ЖКГ паведамілі, што на працягу верасня – кастрычніка, акрамя вул. Піянерскай, запланавана таксама правесці бягучы рамонт вул. Гогаля, участкаў вул. Ф. Скарыны і Заазёрнай, трох дваровых тэрыторый па вул. Кастрычніка – 17 А;21; 9, 11, 13. ■
Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.