У Беларусі задаволены вынікамі нядаўняга візіту прэм’ера Дзяржаўнага савета КНР Лі Цяна. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая ў Беларусі Се Сяаюнам, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў краіне.
«Мы вельмі сур’ёзную ўвагу ўдзялялі візіту вашага прэм’ер-міністра ў Беларусь – Лі Цяна. Мы задаволены гэтым візітам. Вельмі шмат цяпер працуем ва ўрадзе над пытаннямі развіцця адносін па тых пытаннях і праблемах, якія былі абазначаны ў час візіту прэм’ер-міністра КНР», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што прэм’ер Дзяржаўнага савета КНР вельмі высока ацаніў развіццё парка «Вялікі камень», чаму беларускі бок таксама ўдзяляе першараднае значэнне. Пастаянна расце колькасць рэзідэнтаў парка, што сведчыць пра вялікую цікавасць да яго кітайскіх таваравытворцаў і не толькі. Прэзідэнт таксама падзякаваў кітайскаму боку за аказаную тэхнічную дапамогу. Нагадаем, прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Цян у другой палове жніўня наведаў Беларусь з афіцыйным візітам. Адбылася сустрэча ў Прэзідэнта Беларусі, а таксама афіцыйныя перагаворы з прэм’ер-міністрам Беларусі ў вузкім і пашыраным складах. Вынікам перагавораў стала падпісанне вялікага пакета пагадненняў і дамоўленасцей у эканамічнай сферы. Акрамя таго, дадзены старт Гадам супрацоўніцтва Беларусі і КНР у галіне навукі, тэхналогій і інавацый, а таксама стварэнню пяці цэнтраў, у тым ліку па развіцці традыцыйнай кітайскай медыцыны, супрацоўніцтве ў галіне геалагічных навук, трансферту тэхналогій дзяржаў – членаў ШАС, а таксама філіяла НАН Беларусі ў КНР. Таксама дадзены старт і пяці прамысловым праектам на суму каля $1 мільярда. У стадыі сумеснага ўзгаднення 12 прамысловых праектаў на суму $2 млрд. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.