Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае недальнабачную палітыку ўлад Польшчы, ад дзеянняў якіх ужо ашалелі польскія бізнесмены. Пра гэта ён расказаў на сустрэчы з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Польшча цяпер праводзіць несамастойную палітыку, паколькі абвастрэнне адносін на ўсходнім напрамку – з Беларуссю і Расіяй – не трэба ні народу Польшчы, ні кіраўніцтву гэтай краіны.
«Яны гэта разумеюць. Але дзядзька Сэм прымушае. Амерыканцам трэба, каб тут – у Еўропе – была вайна. Тады яны будуць у фаворы, – адзначыў беларускі лідар. – Для амерыканцаў Еўропа – гэта канкурэнт. Высокатэхналагічная Еўропа. Яны вырабляюць «Мерседэсы», груба кажучы, не горш, чым у іх там «Форды». У іх свая валюта – еўра. Яны гатовы былі адысці ад долара. Гэта не трэба амерыканцам. І вось яны штурхаюць, штурхаюць. Польшча стала марыянеткай». «У нас нармальнае стаўленне да іх, нармальная палітыка. Мы ім прапануем нармальнае жыццё, давайце супрацоўнічаць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ад дзеянняў уласнага ўрада, які забараняе супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй, ашалелі польскія бізнесмены. «Яны ж ні ў Расіі, ні ў Беларусі не могуць працаваць ужо. Іх проста сюды не пускаюць (улады Польшчы, уводзячы розныя абмежаванні і закрываючы граніцу. – Заўвага БелТА). Яны пытаюцца ў кіраўніцтва Польшчы: “Навошта вы гэта робіце? Мы ж там грошы зараблялі. Зарабляючы грошы, прывозілі ў Польшчу. У нас былі нармальныя адносіны”. Яны сабе ўжо не толькі ў нагу выстралілі – нават у галаву. Вось іх палітыка», – канстатаваў Прэзідэнт. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не можа быць толькі адзін бок вінаваты, а другі зусім не. «Таму я і свой урад (арыентую. – Заўвага БелТА) і публічна гавару: «Не трэба сварыцца з палякамі. Можа, мы недзе штосьці недапрацавалі. Давайце будзем з імі па-добраму, давайце будзем рабіць крокі насустрач». ■
Паводле матэрыялаў БелТА.