Лукашэнка: «Асабліва важна беражліва захоўваць у сэрцах любоў і павагу да роднай зямлі»

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з Днём народнага адзінства. «Гэта свята гістарычнай справядлівасці, што сімвалізуе нацыянальнае адраджэнне Беларусі, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – 17 верасня 1939 года ажыццявілася адвечнае імкненне беларусаў жыць на сваёй тэрыторыі адзінай сям’ёй у міры і згодзе. З тых часоў мы засвоілі ісціну: каб заставацца незалежнымі, трэба быць моцнымі эканамічна, палітычна і духоўна». У віншаванні таксама гаворыцца: «85 гадоў таму нашы продкі ўз’ядналіся дзеля стварэння на карысць агульнай будучыні. Крок за крокам працоўнымі і ратнымі перамогамі, талентам і энергіяй мільёны людзей умацоўвалі дзяржаўнасць, сцвярджаючы сябе сярод народаў і культур як моцная духам і прагрэсіўная нацыя».

«Сёння, калі краіна развіваецца і ўпэўнена ідзе наперад, асабліва важна беражліва захоўваць у сэрцах любоў і павагу да роднай зямлі. Толькі так, агульнымі намаганнямі, мы зможам перадаць нашчадкам гордае права беларусамі звацца», – выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі пажадаў усім здароўя і дабрабыту.


Напярэдадні Дня народнага адзінства Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра памілаванне яшчэ 37 чалавек, асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Гэта чарговы жэст гуманізму з боку дзяржавы ў адносінах да тых, хто спатыкнуўся. Дакумент падпісаны 16 верасня.

Сярод памілаваных – шэсць жанчын, шэраг памілаваных маюць хранічныя захворванні, з’яўляюцца інвалідамі, пенсіянерамі. Усе яны раскаяліся і прасілі даць ім магчымасць вярнуцца на свабоду, весці законапаслухмяны спосаб жыцця.

Хадайніцтвы асуджаных дадаткова вывучаліся камісіяй, якую ўзначальвае генеральны пракурор Андрэй Швед. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.