Без беспілотнікаў ні пра якую перамогу і ні пра якую вайну размовы быць не можа. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час рабочай паездкі на Абуз-Лясноўскі ваенны палігон.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што сучасная вайна – гэта вайна беспілотнікаў. «Цяпер мы ўсе бачым, што без БПЛА няма вайны. Пачынаюць ужо беспілотнікамі ганяцца за салдатам», – адзначыў ён.
Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі айчынныя распрацоўкі ў сферы беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку расказалі пра навінкі і дапрацоўкі ў ранейшых мадэлях. Далажылі і пра іншы бок пытання – перспектывы развіцця радыёэлектроннай барацьбы пры процідзеянні беспілотнай авіяцыі.
Усяго больш за 30 вырабаў ваеннага прызначэння айчыннай вытворчасці былі прадстаўлены арганізацыямі, што ўваходзяць у сістэму Дзяржкамваенпрама, і прадпрыемствамі абароннага сектара эканомікі. Свае распрацоўкі прадэманстравалі 13 арганізацый зброевага ведамства і 6 кампаній абароннага сектара эканомікі. Асноўны акцэнт у ходзе паказу быў зроблены на айчынныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.