У Браслаўскім раёне праходзіць месячнік прафілактыкі суіцыдальных паводзін сярод непаўналетніх

Новости

Менавіта так настройваюць педагогі сваіх навучэнцаў, надаючы вялікую ўвагу фарміраванню ў іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, усведамленню сапраўдных каштоўнасцей і прафілактыцы суіцыдальных паводзін. Часткай такой работы стаў тэматычны месячнік, зладжаны ва ўстановах адукацыі Браслаўшчыны.

Напрыклад, у Опсаўскай сярэдняй школе у яго рамках праходзіць шмат мерапрыемстваў, удзел у якіх прымаюць вучні з 1-га па 11-ы клас.

Стартаваў месячнік з рухавых перапынкаў на свежым паветры з яскравай назвай «Пазітыўчык». Яны ўключалі ў сябе бадзёрыя флэшмобы, танцы і нават вясёлы «паравозік» вакол школы. Затым уласнае бачанне таго, як добра жыць на свеце, выказалі праз малюнкі першакласнікі ў адпаведным конкурсе. Між тым старэйшыя навучэнцы шчыравалі над рэцэптам шчасця, ён у кожнага атрымаўся свой: калі для адных дастаткова звычайных дробязей, накшталт смачна паесці ды добра паспаць, ці матэрыяльных здабыткаў, у іншых жа ў прыярытэце – сям’я, сябры, каханне.

Дзевяцікласнікі, якіх сёлета чакаюць выпускныя экзамены, адзін з суботніх дзён прысвяцілі заняткам з педагогам-псіхолагам. Хлопцы і дзяўчаты праз гульню выявілі ў сябе моцныя і слабыя бакі, а таксама пазнаёміліся са спосабамі зняцця стрэсу і эмацыянальнага напружання. А вучні 5-га класа абмяняліся думкамі на тэму «Калі жыццё цудоўнае». Дружная сям’я, любімыя гадаванцы, маміна любоў і татава падтрымка, жаданыя пакупкі і пачастункі, па меркаванні школьнікаў, спрыяюць шчасцю. І, безумоўна, пазітыўнае стаўленне да жыцця.

Вельмі цікавай і карыснай атрымалася сустрэча з протаіерэем Ігарам Чачуковічам. Настаяцель богінскай царквы вёў з дзецьмі гутарку пра каштоўнасць жыцця, пра тое, як важна радавацца кожнаму дню, не хвалявацца з-за дробязей і абавязкова верыць, што ў любыя, нават самыя цяжкія моманты чалавек не адзін – з ім заўсёды Бог.

Акрамя гэтага, свяшчэннік правёў невялікі дыспут з педагагічнымі работнікамі школы. Прадметам абмеркавання стала іх прафесійная дзейнасць і яе вынікі. Протаіерэй І. Чачуковіч засяродзіў увагу настаўнікаў і на важнасці ўмення граматна размяркоўваць час на працу і адпачынак, заклікаў не грэбаваць клопатамі пра бліжніх, пра сям’ю. ■

 

Жанна БЯЛЬКО.