«Я люблю працаваць з людзьмі. Мне падабаецца дзяліцца з імі сваімі ведамі і дапамагаць адкрываць гістарычнае мінулае Браслаўшчыны і нашай краіны», – кажа навуковы супрацоўнік Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Ірына Макарэвіч.
Знаёмства з горадам павінна пачынацца з музея. Толькі тут можна атрымаць грунтоўную і даставерную інфармацыю, а падчас выязной экскурсіі з атэставаным гідам – цікавыя і змястоўныя факты пра мясцовыя славутасці. Ірына Макарэвіч падкрэслівае, што ў сваёй рабоце яна імкнецца не толькі даць поўныя звесткі пра Браслаўшчыну, а і зацікавіць нашым краем праз прызму пэўных прыкладаў. «Многія госці здзіўляюцца, калі даведваюцца, колькі гадоў нашаму гораду ці якая плошча возера Дрывяты. Увогуле, турысты бываюць розныя, але з імі заўсёды цікава мець стасункі», – адзначае яна.
Трэба сказаць, што Ірына Макарэвіч водзіць экскурсіі па аўтарскім маршруце. Дарэчы, арганізоўваць іх маюць права спецыялісты пасля праходжання адпаведнай атэстацыі. Ірына Георгіеўна распрацавала дасканалы маршрут, які высока ацаніла экзаменацыйная камісія і пахваліла за грунтоўны падыход да яго складання.
Разам з тым І. Макарэвіч шмат займаецца даследчай дзейнасцю ў напрамку краязнаўства, вывучае гістарычныя і геаграфічныя асаблівасці Браслаўшчыны. Яна прымала ўдзел у семінары «Патрыятычнае выхаванне сродкамі музейнай дзейнасці» ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, навукова-практычных канферэнцыях: ІІ Міжнароднай «Перспектывы развіцця турызму ў сучасных умовах», «ІІ Броўкавы чытанні», VIII і IX «Віцебскі край» і інш. Займаецца культурна-асветніцкай работай, патрыятычным выхаваннем: выступае з лекцыямі перад школьнікамі і працоўнымі калектывамі раёна. Дарэчы, яна з’яўляецца аўтарам перасоўнага праекта «2022 – Год гістарычнай памяці», які стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі ў аднайменнай намінацыі. З мінулага года сумесна з аддзелам па адукацыі Браслаўскага райвыканкама І. Макарэвіч рэалізуе ініцыятыву «Музей у музеі», што дае магчымасць пазнаёміцца з набыткамі ўстаноў адукацыі не толькі навучэнцам, іх бацькам і настаўнікам, але і ўсім мясцовым жыхарам, гасцям горада.
Сферы культуры І. Макарэвіч аддала звыш 25 гадоў. Яна ўнесла вялікі ўклад у развіццё бібліятэчнай сістэмы раёна, дзе рэалізавала шэраг цікавых праектаў, а таксама шмат займалася краязнаўчай тэматыкай Браслаўшчыны, рыхтуючы інфармацыйныя буклеты і інш.
«Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта я працавала ў Гомельскім бюро вандровак і экскурсій, некаторы час узначальвала аддзел турызму Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры». Аднак нават калі працавала ў бібліятэцы, мая душа цягнулася да гісторыі Браслаўшчыны. Таму цяпер я адчуваю сябе на сваім месцы. Мне хочацца дзяліцца гэтымі ведамі з жыхарамі і гасцямі нашага раёна. Адчуваю задавальненне, калі бачу іх зацікаўленыя вочы і разумею, што гадзіны, праведзеныя ў музеі, для іх не прайшлі дарэмна», – кажа яна.
У Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў адзначаюць, што інтарэс да нашага рэгіёна расце з кожным годам. Госці едуць з розных краін, ды і нашы землякі ўсё часцей становяцца не проста наведвальнікамі, а пастаяннымі сябрамі ўстановы. І ў гэтым таксама заслуга Ірыны Макарэвіч, якая дасканала выконвае абавязкі і любіць сваю справу. ■
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.