Навучэнцы і педагогі Браслаўскай СШ №2 імя З. Я. Кожар наведалі пансіянат «Азёрны» з канцэртнай праграмай

Новости
Лісткі календара ў кастрычніку стракацяць памятнымі датамі – гэта добрая нагода дадаткова праявіць увагу і ўшанаваць прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Менавіта так зрабілі навучэнцы і педагогі Браслаўскай СШ № 2 імя З. Я. Кожар, якія завіталі да падапечных сацыяльнага пансіяната «Азёрны» з канцэртнай праграмай «Усе фарбы жыцця – для вас».

Мэту сустрэчы госці вызначылі адразу – падарыць цеплыню сваіх сэрцаў і шчырыя ўсмешкі, падзяліцца добрым настроем і павіншаваць насельнікаў установы са святамі, што адзначаюцца ў кастрычніку. І абавязкова ўручыць падарункі, падрыхтаваныя юнымі артыстамі. Імі сталі цудоўныя музычныя нумары, якія тэматычна ахоплівалі розныя моманты чалавечага жыцця. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі, танцавалі і дарылі гледачам радасць сваімі талентамі. А сцэнічныя атрыбуты – рознакаляровыя надзіманыя шары, вялізныя бліскучыя «цукеркі» – стваралі па-сапраўднаму святочную атмасферу.

У зале пансіяната на канцэрт сабраліся людзі рознага ўзросту, з непадобнымі лёсамі, характарамі і часам няпростымі жыццёвымі абставінамі. Нягледзячы на гэта, школьнікі заклікалі прысутных не страчваць аптымізму і не старэць душой. ■

Жанна БЯЛЬКО.