Лукашэнка: «Трэба прадугледзець будаўніцтва дарог ад раённых цэнтраў да ўсіх аграгарадкоў»

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе прывесці ў парадак дарогі паміж раённымі цэнтрамі і аграгарадкамі. Такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў 21 кастрычніка, заслухоўваючы даклад па пытаннях развіцця сеткі рэспубліканскіх аўтамабільных дарог і фарміравання транспартнай інфраструктуры, якая забяспечвае гадзінную даступнасць да гарадоў-спадарожнікаў.

У Беларусі рэалізуецца маштабная Дзяржаўная праграма «Дарогі Беларусі». 2025 год – завяршальны, таму на наступную пяцігодку будзе распрацоўвацца новая праграма. У планах, у прыватнасці, рэканструяваць дарогу ад Гомеля да Брэста (М-10) і завяршыць будаўніцтва трасы Мінск – Полацк – Віцебск.

«І практычна ўсё. Буйныя дарогі мы пабудавалі, з абласнымі цэнтрамі з Мінска мы маем добрую сувязь», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён падкрэсліў, што аўтамабільныя дарогі не абмяжоўваюцца міжнароднымі і рэспубліканскімі трасамі. «Нам трэба раённыя цэнтры звязаць з аграгарадкамі – найважнейшае пытанне, калі мы хочам, каб людзі ў вёсцы жылі і не былі пакрыўджаны. Яны гэтага заслугоўваюць. Таму ў гэтай вялікай праграме трэба прадугледзець будаўніцтва дарог ад раённых цэнтраў да ўсіх аграгарадкоў. З аграгарадкамі на працягу года мы вызначымся, дзе яны будуць і якія (паколькі ідзе аб’яднанне гаспадарак і гэтак далей), і будзем будаваць гэтыя дарогі», – сказаў Прэзідэнт. Больш як палова дарог ужо ёсць, але іх трэба мадэрнізаваць і прывесці ў парадак, запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што будаўніцтва і рамонт дарог – гэта немалыя грошы. Паводле інфармацыі Міністэрства транспарту і камунікацый, каб правесці бягучы, гэта значыць ямачны рамонт аднаго кіламетра дарогі, патрабуецца Br350 тыс. А на поўную рэканструкцыю, калі з дзвюх палос робяць паўнацэнныя чатыры, – у сярэднім Br10 млн. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.