«Таленавітыя і актыўныя людзі». Культработнікі Браслаўшчыны адзначылі сваё прафесійнае свята

Новости
Шэраг спецыялістаў цэнтралізаваных клубнай і бібліятэчнай сістэм, аб’яднання музеяў, школ мастацтваў узнагароджаны за шматгадовую працу і ўклад у развіццё сферы культуры Браслаўшчыны. Ушанаванне адбылося на ўрачыстасці, прысвечанай Дню работнікаў культуры.

Без культработнікаў складана ўявіць любое святочнае мерапрыемства, дзейнасць музеяў, бібліятэк, школ мастацтваў. Яны адказваюць за захаванне народных традыцый і гістарычнай памяці, забяспечваюць духоўную сувязь пакаленняў. Сёння ў нашым раёне плённа працуюць 2 ДШМ, 2 музеі, 16 клубаў і 11 бібліятэк. Творчыя дасягненні спецыялістаў адзначаюцца граматамі на розных узроўнях.

Калег віншуе трыа цэнтра народнай культуры з агр. Ахрэмаўцы.


«Можна сцвярджаць, што людзі вашай прафесіі – таленавітыя, актыўныя, ініцыятыўныя. Хочацца выказаць вам толькі словы падзякі за захаванне традыцый, сучасныя падыходы да сваёй дзейнасці, уменне працаваць з людзьмі», – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка падчас віншаванняў і ўзнагароджвання. Словы ўдзячнасці калегам адрасавала і загадчык сектара культуры Людміла Новікова. Яна таксама ўручыла галіновыя граматы шэрагу культработнікаў.

Падчас мерапрыемства адбылася цырымонія прыняцця маладых спецыялістаў у адну вялікую сям’ю работнікаў культуры. Сёлета іх два: яны працуюць у Браслаўскай дзіцячай школе мастацтваў і раённым аб’яднанні музеяў. Не абышлі ўвагай у святочны дзень і ветэранаў працы.

Віншаванні і ўзнагароджванні перамяжоўваліся музычнымі нумарамі. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.