Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці павелічэння аб’ёмаў фінансавання Расіяй сумесных праектаў. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з першым намеснікам старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Дзянісам Мантуравым.
«Праектаў дастаткова. Нават больш, чым мы дамаўляліся, за аб’ёмы грошай, якія Расія выдзеліла ў якасці крэдытаў. Магчыма, мы дамовімся пра тое, што Расія будзе зацікаўлена ў новых нашых праектах і будзе павялічана гэта фінансаванне. Але гэта ўжо будзе ў выніку вашых перагавораў (з прадстаўнікамі ўрада Беларусі. – Заўвага БелТА)», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам з кіраўніцтвам Расіі часта ідзе размова пра тое, што Захад не змог паставіць краіны на калені і неяк прыціснуць. «У гэтым, вядома, вялікая заслуга тых сектараў эканомікі, якія вы ўзначальваеце. Перш за ўсё – прамысловасць. Мы паставілі перад сабой амбіцыйную задачу, зноў разам з расіянамі, пераадолець залежнасць ад імпарту і сур’ёзна заняліся імпартазамяшчэннем, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Я думаю, што гэта вялікі кавалак вашай работы ў Беларусі з нашым урадам, каб вызначыцца, як будзем дзейнічаць далей».
Прэзідэнт выказаў словы ўдзячнасці як асабіста Дзянісу Мантураву, так і ўраду, Прэзідэнту Расіі за тое, што расійскім бокам былі прафінансаваны многія сумесныя імпартазамяшчальныя праекты. «Ёсць і такія знакавыя, глабальныя праекты, як фінансаванне і вытворчасць самалёта “Асвей”. Для нас гэта ўвогуле, можна сказаць, новая гісторыя. Мы таксама ўдзячны вам за гэта. Магчыма, з гэтага самалёта і пачнецца эра авіябудавання ў Беларусі», – заявіў беларускі лідар.
«Вы – чалавек вядомы ў гэтай сферы, у прамысловасці ў тым ліку. Думаю, што ваша падтрымка для нас будзе вельмі важная», – дадаў Прэзідэнт. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.