Новым старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза АПК абрана Вольга Патаповіч

Новости
На Х справаздачнавыбарнай канферэнцыі Браслаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвялі вынікі работы за пяць гадоў і абралі новага старшыню.

У радах прафсаюза АПК налічваецца звыш 1 800 чалавек, якія аб’яднаны ў 22 пярвічныя арганізацыі, створаныя як у дзяржаўных арганізацыях і прадпрыемствах, так і ў прыватных. З дакладам пра дзейнасць раённага камітэта за перыяд з 2019 па 2024 год выступіў яго старшыня Мікалай Вялічка. Ён падрабязна праінфармаваў дэлегатаў канферэнцыі па пытаннях аховы працы, сацыяльнага партнёрства, акрэсліў напрамкі турысцка-экскурсійнай дзейнасці, культурна-масавай работы, удзел у мерапрыемствах і акцыях ФПБ. Таксама была заслухана справаздача рэвізійнай камісіі райкама. Выступілі і судакладчыкі – старшыні пярвічак Відзаўскага каледжа і вытворчага філіяла «Браслаўрыба», якія расказалі пра сваю дзейнасць у калектывах.

Удзел у канферэнцыі прынялі старшыня Віцебскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава і намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Крыжаноўскі. Яны высока ацанілі работу раённай арганізацыі, выказалі нямала цёплых слоў удзячнасці ў адрас Мікалая Вялічкі за ўклад у развіццё прафсаюзнага руху на Браслаўшчыне і ўручылі яму ганаровыя граматы раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Права прадоўжыць закладзеныя М. Вялічкам традыцыі цяпер прадастаўлена Вользе Патаповіч, якая займала пасаду рэдактара аддзела сельскай гаспадаркі рэдакцыі раённай газеты. За яе кандыдатуру адзінагалосна прагаласавалі дэлегаты. «Перад новым лідарам пастаўлены новыя задачы, аднак з такой моцнай падтрымкай, апорай на старшынь пярвічак і пры ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі кіравання, думаю, усё запланаванае атрымаецца», – адзначыла старшыня абласной галіновай прафарганізацыі Таццяна Дзіканава.

Завяршылася канферэнцыя прыемным момантам – узнагароджаннем шэрагу актывістаў. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.