З годнасцю несці ганаровае званне акцябронка і памятаць свае абяцанні быць сумленнымі, добрымі, справядлівымі і старанна вучыцца – з такім заклікам звярнулася дырэктар Браслаўскай СШ № 1 імя А. М. Жданава Людміла Стальмачонак да другакласнікаў, якія ўзняліся на першую прыступку піянерскага жыцця.
У мінулую суботу на свята «Акцябрацкія высоты» сабраліся самыя старанныя, актыўныя і цікаўныя навучэнцы, іх бацькі, педагогі і ганаровыя госці.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, безумоўна, рыхтаваліся да гэтага важнага дня, а таму выдатна справіліся з каверзнымі заданнямі вядучых, праявіўшы кемлівасць ды спрыт, і пацвердзілі, што вартыя папоўніць шэрагі вялікай і дружнай піянерскай сям’і. Дзеці з вялікай цікавасцю знаёміліся са справамі сваіх папярэднікаў у маштабе ўсёй краіны, сярод якіх шматлікія патрыятычныя ініцыятывы, дабрачынныя акцыі, валанцёрскія праекты і г. д., а таксама з легендай і талісманам піянераў Беларусі.
Прадэманстраваўшы ў ходзе выпрабаванняў усе якасці, неабходныя акцябратам, другакласнікі перад сваімі бацькамі і настаўнікамі далі ўрачыстае абяцанне захоўваць піянерскія традыцыі і расці патрыётамі. Яшчэ адным хвалюючым момантам мерапрыемства стала ўручэнне акцябрацкіх зорачак. Іх навучэнцы атрымалі з рук Людмілы Стальмачонак і ганаровых гасцей, даўніх добрых сяброў школьнага калектыву, – воінаў-інтэрнацыяналістаў Яўгенія Падагеля, Уладзіміра Навумава і Леаніда Мікшты. Яны ж адрасавалі хлопчыкам і дзяўчынкам словы наказу: слухаць старэйшых таварышаў, бацькоў і настаўнікаў, дапамагаць іншым, ганарыцца сваёй Радзімай і расці годнымі людзьмі. ■
Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.