Амаль паўвека за рулём. Працоўны шлях вадзіцеля малакавоза з Браслава

Люди
Пахваліцца стажам работы цягам амаль што ў пяць дзясяткаў гадоў цяпер можа далёка не кожны працаўнік, нават самы руплівы. А вось Пётр Альшэўскі, вадзіцель аўтамабіля цэха па вытворчасці сыру г. Браслаў ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат», дасканала ведае, колькі гадоў запар ён круціць аўтамабільную баранку.

«Сорак шэсць гадоў, 4 месяцы і 29 дней – во як!» – не без гонару ў голасе ўдакладняе Пётр Іванавіч адну з самых важных дат свайго жыццёвага лёсу. На момант жа публікацыі і таго больш.

Дарэчы, лёс Пятра Альшэўскага складваўся па даволі простым і зразумелым на той час сцэнарыі для тысяч савецкіх маладых людзей: вясковы хлопец з Вайнюнцаў скончыў школу, пасля адвучыўся ў мясцовым тады яшчэ СПТВ-32 ды пайшоў на вольны хлеб. Папрацаваў крыху вадзіцелем-пажарным у калгасе, а потым былі два гады службы ў войску аж у Мурманскай вобласці. «Зразумела, ад дому далёка, але нічога не папішаш – Радзіма паклікала, трэба было годна трымацца і аддаваць свой грамадзянскі доўг дзяржаве», – разважае ўслых мой суразмоўца. Як вярнуўся на Браслаўшчыну, уладкаваўся вадзіцелем у КБА, дзе адпрацаваў 9 гадоў, затым перайшоў электрыкам-вадзіцелем у суд, а з 1998 года перасеў у кабіну малакавоза. І вось ужо амаль 28 гадоў П. Альшэўскі працуе ў перапрацоўчай галіне. «Атрымліваецца, што больш за ўсё шчырую на малаказаводзе (так па прывычцы называе Пётр Іванавіч цэх – ад рэдакцыі). А раней жа было рэйсаў вельмі многа – і ранішнія, і вячэрнія. Так і жыццё маё праходзіла – увесь час у дарозе», – кажа вадзіцель са шматгадовым стажам.

Але ж графік малакавозчыка сучаснага цэха па вытворчасці сыру не менш напружаны: за дзень ён можа «накатаць» да 250 км, а летам і таго больш. Пад’ём у Пятра Іванавіча па звыклай праграме а чацвёртай гадзіне раніцы: трэба памыцца, пагаліцца, паснедаць, выпіць падбадзёрлівай кавы ці чаю – і ўперад! А палове шостай вадзіцель ужо ў рэйсе. Бо што самае галоўнае? Правільна – даставіць малако, як кажуць, у цэласнасці і захаванасці: трэба, каб яно не закісла і прыбыло на месца назначэння з усімі ўласцівымі яму якасцямі і ў поўным аб’ёме.

Зразумела, за П. Альшэўскім замацавана машына, якую вадзіцель павінен утрымліваць у чысціні і тэхнічнай спраўнасці. Што ён з уласцівай яму дасканаласцю і робіць. Менавіта за такую педантычнасць, прынцыповы падыход да сваіх абавязкаў, выканаўчасць і вялізны вопыт Пятра Іванавіча паважаюць і цэняць у калектыве. Ён жа адказвае ўзаемнасцю і прызнаецца, што вельмі задаволены работай і мікракліматам у цэху, таму, напэўна, і застаўся працаваць, хоць ужо шчыра заслужыў пенсію. ■

Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.