Вопытны кваліфікаваны работнік з творчым падыходам да справы, патрабавальнасцю да сябе і ўменнем працаваць у калектыве – так у ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс» характарызуюць трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці Андрэя Ажэшкоўскага. Нездарма гэты дасведчаны механізатар напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў адзначаны Падзякай начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Браслаўскага райвыканкама.
Працоўны шлях ураджэнца вёскі Дзегцяры пачаўся дастаткова рана – адразу пасля 9 класаў Замошскай школы. Сам А. Ажэшкоўскі ў гэтым нічога дзіўнага не бачыць: маўляў, многія ў той час так рабілі. Пачынаў ён жывёлаводам у калгасе «Шлях Леніна», працаваў у нацыянальным парку лесніком-інспектарам, набыў і дадатковы навык вальшчыка лесу. Увогуле, гэта адметная рыса Андрэя – пастаянна вучыцца чамусьці новаму. Па яго словах, з цягам часу такіх уменняў набралася нямала: ён упраўляецца са зварачным апаратам, балгаркай, пілой і інш. Называе сябе самавучкам, які можа і для сябе нешта зрабіць, і людзям дапамагчы.
З 2012 года А. Ажэшкоўскі – механізатар у «Браслаўскім райаграсэрвісе». Правы трактарыста ён атрымаў пасля заканчэння адпаведных курсаў, на якіх вучыўся за свой кошт. Такая ўжо ў яго ўстаноўка па жыцці – самому дасягаць пастаўленай мэты. А ўвогуле з тэхнікай Андрэй знаёмы з дзяцінства: яго дзядзька, тата ды тры браты – усе працуюць на транспарце. Вось і ён цяпер працягвае іх справу ў якасці трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці.
Спачатку Андрэй Ажэшкоўскі працаваў на МТЗ-82 пры ферме. Затым яму выдзелілі «Амкадор» – і абсяг дзейнасці значна пашырыўся. Механізатар трамбуе сіласна-сянажныя траншэі падчас корманарыхтоўкі, на якой заняты з ранку да вечара, грузіць даламітавую муку пры вапнаванні кіслай глебы па ўсім Браслаўскім раёне – у Друі, Відзах, Казянах, Далёкіх і інш. – і нават суседнім Шаркаўшчынскім, а таксама выконвае шэраг работ сельскагаспадарчага і агульнабудаўнічага прызначэння. Пры тым з пастаўленымі перад ім задачамі спраўляецца ўмела, адказна і добрасумленна. А. Ажэшкоўскі адзначае: «На вынікі сваёй працы заўсёды глядзець прыемна. Але ж як зробіш – тое і ўбачыш, таму стараюся, каб усё было дасканала. На душы радасна, калі людзі хваляць тваю работу». ■
Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.