Ад скульптур да кухонных прадметаў. У Браслаўскім музеі працуе цікавая выстаўка драўляных вырабаў

Отдых
Скульптуры, старадаўнюю мэблю, кухонныя прадметы, карціны і прылады для апрацоўкі дрэва можна ўбачыць на выстаўцы ў музеі традыцыйнай культуры.

У экспазіцыі сабраны рэдкія экспанаты, што захоўваюцца ў фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў. Гэта некалькі дзясяткаў разнастайных вырабаў розных майстроў нашага раёна. Увогуле, дрэва – універсальны матэрыял як для стварэння бытавых рэчаў, так і дэкаратыўных. Па выстаўцы зразумела, што мясцовыя ўмельцы з Браслаўшчыны стваралі і аб’ёмныя рэчы, і невялічкія.

Сярод экспанатаў ёсць цікавыя вырабы вядомага разьбяра па дрэве са Слабодкі Пятра Зяляўскага. Ён упрыгожваў фігурамі сваё падвор’е і хату. А якія мініяцюрныя і дэталёвыя работы майстра з Далёкіх Браніслава Лабкоўскага! Удала дапаўняецца выстаўка і вырабамі сучасных майстроў, у прыватнасці, Мікалая Дзянісава.

Дзеля ж таго, каб зразумець, якім чынам і з дапамогай якіх прылад апрацоўваецца дрэва, арганізатары сабралі і спецыяльныя прылады.

«Нашы традыцыйныя рамёствы існуюць дзякуючы майстрам. Мы памятаем тых, кто унёс уклад у развіццё народнай творчасці на Браслаўшчыне, вельмі рады новым імёнам, якія працягваюць гэтую справу. Спадзяёмся, што выстаўка пакіне прыемныя ўражанні ў нашых наведвальнікаў», – адзначылі ў музеі традыцыйнай культуры. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.