Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада сустрэўся з кіраўніком і каардынатарамі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне дзеючага кіраўніка дзяржавы кандыдатам на маючых адбыцца ў студзені прэзідэнцкіх выбарах.
За вылучэнне дзеючага кіраўніка дзяржавы па стане на раніцу 21 лістапада было сабрана ўжо больш за 1 млн 581 тыс. подпісаў, і гэта работа будзе прадоўжана.
Ініцыятыўныя групы патэнцыяльных кандыдатаў у Прэзідэнты збіраюць подпісы грамадзян на працягу месяца. Гэта кампанія стартавала 7 лістапада і завершыцца 6 снежня. Каб афіцыйна стаць кандыдатам, трэба выканаць шэраг заканадаўчых патрабаванняў. Адно з іх – прадставіць у ЦВК не менш за 100 тыс. подпісаў грамадзян. Гэта мінімальна патрабуемая колькасць, і звычайна патэнцыяльныя кандыдаты стараюцца набраць подпісы хаця б з невялікім запасам, бо ў ходзе праверкі нейкую частку могуць адбракаваць. Прычынай элементарна можа стаць, напрыклад, няправільна аформлены падпісны ліст. Ад памылак і хібнасцей жа ніхто не застрахаваны.
Але што датычыцца дзеючага Прэзідэнта, то яго «залаты запас» подпісаў грамадзян ужо такі, што хапіла б не на адну электаральную кампанію.
Дарэчы, у ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі больш за 17 тыс. чалавек. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што нават калі б і захацеў сустрэцца адразу з усімі, то гэта было б практычна немагчыма зрабіць – менавіта па прычыне іх шматлікасці. Тым не менш праз кіраўніка групы – старшыню Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько – і каардынатараў кіраўнік дзяржавы перадаў шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто ўключыўся ў гэту агульную справу. «Хачу вам шчыра падзякаваць за тую работу, якую вы правялі і праводзіце. Не ведаю, як гэта назваць. Дапамога, напэўна, дзеючаму Прэзідэнту. Я гэта вельмі цаню», – сказаў ён. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.