У Беларусі захаваецца дзяржаўны кантроль за сферай алкаголю і тытуню. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 снежня, прымаючы кадравыя рашэнні.
Пры ўзгадненні кандыдатуры Андрэя Дземідаўца на пасаду гендырэктара ААТ «Мінск Крышталь» – кіруючая кампанія холдынга «Мінск Крышталь Груп» Прэзідэнт заўважыў, што гэта і іншыя прадпрыемствы сферы вытворчасці алкагольнай прадукцыі кіруюцца дзяржавай. «У нас манаполія на вытворчасць, рэалізацыю алкагольнай прадукцыі. Мы ад гэтага адыходзіць не будзем, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Хоць нам прад’яўлялі прэтэнзіі многія дружалюбныя нам краіны». «Трэба трымаць пад кантролем увесь алкаголь. Тытунёвыя вырабы, алкаголь – яны значна фарміруюць бюджэт, і гэта здароўе людзей, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – Яны не павінны піць гадасць усякую. Я не памятаю, каб дзяржаўныя прадпрыемствы падсунулі некаму гадасць. А калі поўная неразбярыха, тады ў гаражах будуць самагон ці якую-небудзь гадасць вырабляць і за бясцэнак прадаваць на рынку».
Зыходзячы з гэтых меркаванняў, у Беларусі абазначаныя сферы застануцца пад кантролем з боку дзяржавы. «Таму дзяржаўны кантроль захаваецца за лікёра-гарэлачнымі вырабамі і тытунём», – канстатаваў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да Андрэя Дземідаўца, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Вельмі спадзяёмся, што вядучае прадпрыемства ў нас будзе ў парадку. Каб там не паўтарылася тое, што там часам бывала».
ПРЭЗІДЭНТ НАЗНАЧЫЎ:
• Чарнецкага Руслана Іосіфавіча – міністрам культуры;
• Чапурнога Станіслава Уладзіміравіча – Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Туркменістане;
• Налівайку Сяргея Эдуардавіча – памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектарам па Магілёўскай вобласці;
• Радзівоніка Дзмітрыя Аляксеевіча – намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.