Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 9 снежня падпісаў Указ нумар 459 «Аб прадстаўленні Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах».
✔ У адпаведнасці з указам з 1 сакавіка 2025 года выкарыстанне слоў «Рэспубліка Беларусь», «Беларусь», «нацыянальны», «беларускі» ў назвах культурных, спартыўных і адукацыйных мерапрыемстваў, мэтай якіх з’яўляецца адбор асоб для іх падрыхтоўкі да ўдзелу і (або) ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах ад імя Рэспублікі Беларусь, дапускаецца толькі ў тым выпадку, калі арганізатарам мерапрыемства выступае дзяржаўная арганізацыя.
✔Нацыянальная школа прыгажосці надзяляецца статусам адзінага каардынатара па арганізацыі і правядзенні Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь», адбораў прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных конкурсах прыгажосці.
✔ Указам таксама вызначаецца парадак удзелу прадстаўнікоў Беларусі ў міжнародных культурных, спартыўных, адукацыйных мерапрыемствах, дакументамі пра правядзенне якіх прадугледжана прадстаўніцтва дзяржавы толькі адной асобай (калектывам).
✔ Прадстаўленне Рэспублікі Беларусь на такіх мерапрыемствах фізічнай асобай або камандай стане магчымым пры ўмове праходжання імі нацыянальнага адбору ці накіравання іх для ўдзелу дзяржаўнай арганізацыяй ці паведамлення ў дзяржаўны орган пра намер прыняць удзел у такім мерапрыемстве.
Гэтыя нормы дадуць магчымасць забяспечыць абарону інтарэсаў нашай краіны і ажыццяўляць на самым высокім прафесійным узроўні падрыхтоўку нацыянальных удзельнікаў да значных міжнародных мерапрыемстваў. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.