«Бачым зацікаўленасць дзяцей і іх бацькоў». У Браслаўскай ДШМ плануюць адкрыць тэатральнае аддзяленне

Новости
У Браслаўскай дзіцячай школе мастацтваў навучаецца 268 дзяцей (улічваючы філіялы ў Ахрэмаўцах і Друі). Ва ўстанове не стаяць на месцы і шукаюць новыя напрамкі дзейнасці. Напрыклад, сёлета пачала працу тэатральная студыя.

Навучанне азам тэатральнага мастацтва – навінка ў адукацыйным працэсе ДШМ. Аднак як паказалі першыя месяцы заняткаў – запатрабаваная. Літаральна з 1 верасня тут набралі дзве рознаўзроставыя групы і цяпер сістэматычна працуюць над сцэнічным, аратарскім, акцёрскім майстэрствам і інш. «Мы бачым зацікаўленасць дзяцей і іх бацькоў. Разглядаем і магчымасць адкрыцця тэатральнага аддзялення», – кажуць ва ўстанове.

Увогуле, сёлета самымі запатрабаванымі сталі харэаграфічнае і вакальнае майстэрства, а сярод інструментаў лідзіруе гітара. Для зручнасці заняткаў на пастаяннай аснове набываецца неабходны інструмент. «Мы рады кожнаму дзіцяці. Паспрабаваць свае сілы юныя браслаўчане могуць у падрыхтоўчай групе», – падкрэсліваюць у ДШМ. Музыканты радуюць сваіх педагогаў узнагародамі за старанні. Так, напрыклад, з апошніх дасягненняў – узорны аркестр баянаў атрымаў Гран-пры міжнароднага конкурсу «Край родной», а ансамбль цымбалістаў «Званочкі» заваяваў дыплом лаўрэата першай ступені на абласным конкурсе інструментальных ансамбляў у Наваполацку.

Цяпер вучні і педагогі Браслаўскай ДШМ рыхтуюцца да святочнага канцэрту. Гэта будзе творчы падарунак да Новага года бацькам, блізкім і сябрам. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.