Не абмінулі навагоднія віншаванні і прыёмную сям’ю Кастэнка. Напярэдадні Раства Хрыстова ў госці да яе з падарункамі завіталі старшыня райсавета Ніна Пучынская і кіраўнік раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Ірына Мацук.
Гасцей сустракалі маленькая Маша, ужо амаль юнак Мікіта і самастойная Насця, якая прыехала да патранажнай маці Ніны Браніславаўны з вучобы на канікулы. З парога адчуваецца сямейная цеплыня і клопат: бачна, што дзяцей у гэтым доме любяць, напэўна, таму іх заўсёды тут шмат. Акрамя Машы, Насці і Мікіты, дадому прыехалі яшчэ дзве дачкі і ўжо з унукам. Дарэчы, Ніна Кастэнка, маючы сваіх траіх дзяцей, за апошняе дзесяцігоддзе выхавала нямала хлопчыкаў і дзяўчынак, што трапілі ў цяжкія сямейныя абставіны. Хтосьці, застаўшыся па волі лёсу без бацькоў, жыве ў прыёмнай сям’і да самага паўналецця, а хтосьці чакае перавыхавання законных прадстаўнікоў. Але ж наколькі трэба ахінуць мацярынскай любоўю і пяшчотай кожнага, каб і праз гады ўжо дарослыя дзеці лічылі дом, дзе яны выраслі, родным, сваім…
За кубачкам чаю Ніна Браніславаўна расказвае амаль пра кожнага, маленькая ж Маша паспела заваяваць сімпатыю гасцей: і падарункі з малюнкамі паказала, і верш расказала. Ніна Антонаўна з Ірынай Віктараўнай падзякавалі прыёмнай маці за яе самаадданую своеасаблівую працу, што не кожнай жанчыне па сіле, пажадалі ўсім членам сям’і здароўя і дабрабыту.