Падчас рэспубліканскай навагодняй акцыі «Ад усёй душы» адміністрацыя і прафсаюзны камітэт КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» вырашылі павіншаваць сваіх былых паважаных работнікаў, працоўны стаж якіх на прадпрыемстве склаў больш за 30 гадоў.
Воін-афганец Леанард Часлававіч Рагоўскі практычна на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці кіраваў аўтамабілем на ўчастку па выдаленні цвёрдых бытавых адходаў. За працяглы стаж работы яго неаднаразова заахвочвалі граматамі і падзякамі раённага і абласнога ўзроўню. У 2022 годзе ён выйшаў на пенсію па стане здароўя.
Ніна Мікалаеўна Палуніна ў 1978 годзе прыйшла працаваць у камбінат камунальных прадпрыемстваў начальнікам ачышчальных збудаванняў, усё яе жыццё звязана з гэтай арганізацыяй, якая некалькі разоў была рэарганізавана.
За шчырыя і адказныя адносіны да даручанай справы жанчына мае шмат грамат і падзяк, у тым ліку ў 2004 годзе яна ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства ЖКГ «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі». Такія работнікі, дарэчы, заносяцца ў Кнігу працоўнай славы музея ведамства.
Завітаць да паважаных ветэранаў прадпрыемства з навагоднімі віншаваннямі, цёплымі словамі падзякі за бездакорную працу і падарункамі калектыў «Браслаў-камунальніка» даручыў члену прафкама – начальніку планава-эканамічнага сектара Алене Сачковай, што яна з задавальненнем і зрабіла. ■