«Таму, хто робіць дабро, няхай усміхаецца шчасце!». У Браслаўскім карэкцыйным цэнтры прайшоў падзячны канцэрт

Новости
«Таму, хто робіць дабро, няхай усміхаецца шчасце!» – такой  думкай была прасякнута праграма святочнага канцэрта, якім навучэнцы Браслаўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі падзякавалі прадстаўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, неабыякавым жыхарам раёна за спонсарскую дапамогу ўстанове.

Мерапрыемства пад назвай «Жыві ярка, рабі дабро» стала ў цэнтры заключным у шэрагу шматлікіх іншых, прымеркаваных да акцыі «Нашы дзеці». Яно сабрала каля двух дзясяткаў гасцей, а ўвогуле гэтым разам да дабрачыннай ініцыятывы далучыліся 47 мецэнатаў.

Кожны з іх, па словах дырэктара карэкцыйнага цэнтра Алены Кавальскай, зрабіў свой уклад у вялікую агульную справу, паспрыяў таму, каб здзейсніліся мары выхаванцаў, і даў дзецям яшчэ адзін шанс на лепшую будучыню.

У адрас дабрачынцаў прагучала шмат цёплых слоў і пажаданняў, дзеці радавалі гасцей музычнымі нумарамі – песнямі, танцамі ды выступленнямі шумавога аркестра, а таксама невялічкімі сувенірамі, зробленымі сваімі рукамі. Адным словам, мерапрыемства атрымалася эмацыянальным, душэўным і яшчэ раз сцвердзіла: калі аб’яднацца ў адзіным жаданні дапамагчы, можна пераадолець любыя перашкоды. ■

Жанна БЯЛЬКО.