Трэба паставіць жорстка пытанне падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ у сельскай гаспадарцы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час выязнога семінара па сельгастэматыцы для ўпаўнаважаных прадстаўнікоў і памочнікаў кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах.
Удзельнікі мерапрыемства на чале з Аляксандрам Лукашэнкам наведалі машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства «ШыпяныАСК» у Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. «На лінейцы гатоўнасці павінна быць тэхніка. Трэба паставіць жорстка пытанне, каб трактары, аўтамабілі былі ў парадку. Яны (сельгаспрадпрыемствы. – Заўвага БелТА) павінны на лінейку гатоўнасці перш за ўсё паставіць глебаапрацоўчую тэхніку, якая будзе занята вясной», – сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што, вядома, у поўным аб’ёме тэхніка будзе гатова непасрэдна да пасяўной, але ўжо цяпер трэба ацаніць, як ідуць падрыхтоўка і справы на гэты момант. «Вы павінны ўзяць з сабой добрага спецыяліста, які вам падкажа, як павінна быць. А вы ўжо сваёй уладай запатрабуйце. Гэта сур’ёзная рэч. Асабліва ў жывёлагадоўлі», – даў параду Аляксандр Лукашэнка.
«Наша задача – узварухнуць сёння краіну, каб, не дай бог, не было спячкі. Ваша задача, гавару паваеннаму, – узварухніце краіну праз вертыкаль улады. У гэтым выпадку – зімоўка (у жывёлагадоўлі. – Заўвага БелТА) і падрыхтоўка да веснавой сяўбы. Мы ганарымся тым, што мы больш як $8 млрд прадалі сельгаспрадукцыі. Гэта здорава, але мы можам гэта страціць. Як звычайна бывае: супакоіліся, усё добра – страцілі. Таму трэба, каб, узварухнуўшыся, мы мелі ў гэтым годзе мінімум $9 млрд, а тое і $10 млрд ад продажу прадуктаў харчавання. Прадукты харчавання будуць пастаянна даражэць», – сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль катэгарычна не задаволены работай упаўнаважаных прадстаўнікоў кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах, а таксама памочнікаў. У гэтым плане ён патрабуе ад Адміністрацыі Прэзідэнта дакладнай арганізацыі работы дадзенай сістэмы. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.