Ва ўстановах адукацыі Браслаўскага раёна адзначылі Дзень роднай мовы

Новости

У мінулую пятніцу ва ўстановах адукацыі Браслаўшчыны гучалі песні і вершы беларускіх аўтараў, праходзілі вясёлыя перапынкі, літаратурна-музычныя праграмы, конкурсы, віктарыны – так навучэнцы і педагогі адзначалі Дзень роднай мовы.

Па традыцыі да памятнай даты, устаноўленай 21 лютага, школьнікі прымеркавалі шэраг мерапрыемстваў, якія сталі добрым стымулам для пашырэння ведаў пра асаблівасці беларускай мовы.

У кожнай установе ладзілі свае адметныя ініцыятывы. Напрыклад, у Друйскай СШ дзеці прынялі ўдзел у чэленджы «Мая мова – мой спрадвечны скарб», лінгвістычнай гульні «Зразумей і знайдзі», конкурсах «Словатворцы», «Знаўцы», «Мастакі» і інш. Ахрэмаўскія школьнікі падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю «Мілагучная родная мова», у ходзе якой спявалі, дэкламавалі творы, разгадвалі рэбусы. Навучэнцы Опсаўскай сярэдняй школы арганізавалі музычныя перапынкі, акцыі «Размаўляй са мной па-беларуску» і «Адгадай беларускае слова – атрымай цукерку», аднаўлялі прыказкі ў квэсце і далучыліся да лексічнага багацця праз «Моўныя цікавосткі». А знаўцы з 7 – 8 класаў нават паспрабавалі сябе ў дыстанцыйнай прадметнай алімпіядзе. Відзаўчане ж, акрамя гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва, паўдзельнічалі таксама ў рэспубліканскім дыктанце. Вялі гутарку пра прыгожую і пяшчотную беларускую мову і ў Слабодкаўскай СШ, а яшчэ займаліся перакладамі, афармлялі выстаўку «Сэрцам роднага слова краніся», праяўлялі кемлівасць падчас адмысловых хвілінак ды размінак.

Адным словам, паўсюль гучала мілагучная мова, а дзеці не толькі ўзбагацілі слоўнікавы запас, а і набылі карысныя навыкі зносін. ■

 

Жанна БЯЛЬКО.