Імёны Перамогі. «Партызанскі дзённік» нашага земляка Пятра Касцюкевіча

Да 80-годдзя Вялікай Перамогі

Вялікая Айчынная вайна кардынальна змяніла жыццё мільёнаў людзей. Сярод іх – Пётр Касцюкевіч, ураджэнец Шаркаўшчынскага раёна: ён змагаўся ў партызанскай брыгадзе «Спартак», што дзейнічала ў наваколлі Казян. На працягу вайны юнак вёў «Партызанскі дзённік», у які запісваў вершы, рабіў замалёўкі, адзначаў розныя факты, падзеі…

П. Касцюкевіч нарадзіўся ў вёсцы Шыці Шаркаўшчынскага раёна. З дзяцінства ў яго заўважылі мастацкія здольнасці, і ён браў урокі па малюнку ў свайго настаўніка Ю. Юхневіча, які дадаткова прывіў яму любоў да паэзіі. Пётр пачаў не толькі маляваць, а і пісаць вершы. Аднак творчыя планы перакрэсліла вайна. Калі на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна пачалі дзейнічаць партызаны, юнак наладзіў супрацоўніцтва з імі. У 1942 годзе стаў напачатку сувязным брыгады «Спартак». Ён павінен быў скласці карту раёна з указаннем варожых ваенных аб’ектаў і перадаць яе народным мсціўцам. Заданне было паспяхова выканана. Ва ўзросце 17 гадоў яго залічылі ў «Спартак» конным разведчыкам і ўдзельнікам баявых аперацый. На працягу ўсяго ваеннага часу ён не пакідаў фарбы і рабіў замалёўкі і нататкі пра партызанскае жыццё. Дзякуючы ім можна даведацца, якім быў быт лясных мсціўцаў, бо казянскі лес для іх стаў другім домам. П. Касцюкевіч прысвячаў вершы баявым таварышам і ўсхваляў прыроду наваколля. Выдатная памяць і талент дазвалялі рабіць выдатныя дэталізаваныя малюнкі. Цяпер блакнот захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць яго малюнкі ды вершы і ў Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў.

На працягу вайны Пётр Касцюкевіч веў «Партызанскі дзённік». Вершы друкаваліся ў газеце народных мсціўцаў «Чырвоны сцяг». Усяго ж за час вайны ён напісаў каля 40 твораў, праўда, захаваліся не ўсе. Паэтычныя радкі, створаныя ў перыяд з 1943 па 1981 гады, аўтар аб’яднаў у самаробны зборнік «Балада пра Казянскі лес. Партызанскія вершы розных гадоў», які быў надрукаваны ў сярэдзіне 1980-х гадоў і складаўся з 28 вершаў і 25 малюнкаў.

Пасля вайны П. Касцюкевіч служыў у радах Савецкай арміі, затым працаваў у Петразаводску ў мастацкай майстэрні, вучыўся ў мясцовай студыі і на аддзяленні выяўленчага мастацтва ў Доме народнай творчасці імя Н. Крупскай. Пётр Касцюкевіч не спыняў сваёй дзейнасці, друкаваў вершы ў мастацкіх часопісах і газетах. У творах ён успамінаў баявых таварышаў, родныя мясціны і партызанскія сцяжынкі. ■

 

Падрыхтавала Алена НАБЕЕВА.