Вынікі завяршаючай пяцігодкі як аснова стратэгіі паспяховага развіцця нашай краіны сталі тэмай чарговага дня інфармавання насельніцтва па ўсёй рэспубліцы. Усебакова абмеркавалі яе і на Браслаўшчыне. У прыватнасці, інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райсавета Нінай Пучынскай сустрэлася з калектывам цэха па вытворчасці сыру.
«Кожны з нас можа з упэўненасцю канстатаваць: ва ўмовах непрадказальнасці сучасных геапалітычных працэсаў і санкцыйнага ціску наша краіна не проста выстаяла, але і стала мацнейшай. Падчас выступлення на пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу наш Прэзідэнт адзначыў, што “мы ніколі яшчэ так не жылі добра, як цяпер!”» – з такіх слоў пачала сваё выступленне Ніна Пучынская, а далей прывяла і «жалезабетонныя» аргументы.
З лічбамі, сапраўды, не паспрачаешся: беларуская эканоміка дэманструе стабільнасць і ўстойлівы рост. Назіраецца прырост валавога ўнутранага прадукту, пад кантролем знаходзіцца інфляцыя, растуць грашовыя даходы насельніцтва, беспрацоўе сёння на мінімальных паказчыках.
Нягледзячы на ўсе складанасці, з якімі сутыкнулася наша краіна з 2021 па 2024 год, галоўным драйверам эканамічнага развіцця стала беларуская прамысловасць: захаваны станоўчыя тэмпы росту ў аб’ёме вытворчасці прадукцыі, экспарту тавараў, асваення новых рынкаў збыту. Такі поспех стаў магчымы дзякуючы хуткім і правільным дзеянням Галавы дзяржавы, урада, галіновых канцэрнаў.
Інавацыйны, імпартазамяшчальны прадукт – такі арыенцір узяла беларуская прамысловасць у завяршаючай пяцігодцы.
У сельскай гаспадарцы назіраецца павышэнне канкурэнтаздольнасці пры поўнай забяспечанасці харчовай бяспекі.
Яшчэ адзін нацыянальны прыярытэт завяршаючай пяцігодкі – падтрымка сямей з дзецьмі. І тут асаблівае месца займае праграма сямейнага капіталу, якая рэалізуецца ўжо з 2015 года пры нараджэнні трэцяга і наступнага дзіцяці.
Пастаянная ўвага дзяржавы да сістэмы аховы здароўя дазваляе беларускай медыцыне актыўна развівацца, а грамадзянам – атрымліваць своечасовую неабходную дапамогу. У сферы аказання высокатэхналагічных відаў меддапамогі Беларусь ужо каторы год запар у ліку сусветных лідараў.
На працягу пяцігодкі ідзе планамерная мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы паліклінік і бальніц. Якасць і даступнасць меддапамогі для насельніцтва былі і застануцца прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі. Гэта яўна бачна і на прыкладзе нашай ЦРБ.
Прынцыпы павышэння якасці і даступнасці дзейнічаюць у сістэме адукацыі. Захоўваюцца і памнажаюцца нацыянальныя культурныя каштоўнасці, традыцыі, самабытнасць нашага народа. Умацоўваецца турыстычны патэнцыял беларускай дзяржавы. Словам, ідзе планамернае развіццё літаральна ва ўсіх сферах. Не адстае Віцебшчына, многія пазіцыі ўмацоўвае і Браслаўшчына.
Віцебскі рэгіён па выніках 2024 года заняў другое месца па сацыяльна-эканамічным развіцці па тых крытэрыях, якія былі ў пачатку года вызначаны Міністэрствам эканомікі (іх 16) і даведзены пастановай Савета Міністраў. Гэта найлепшы вынік сярод рэгіёнаў рэспублікі, сярод абласцей.
«Пачатак 2025 года для беларусаў – старт новага этапа станаўлення і развіцця. Пяцігодка якасці – гэта наша агульная задача, і толькі разам мы зможам яе рэалізаваць. Як вызначыў Галава дзяржавы, пачнём з добраўпарадкавання. І няхай нашы сумесныя намаганні прынясуць вынікі для кожнага грамадзяніна і натхняюць на далейшы актыўны ўдзел у жыцці раёна і краіны ў цэлым», – рэзюмавала Н. Пучынская. ■
Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.