Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы назначэнне кіраўнікоў, нагадаў пра пастаўленыя перад імі задачы

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы 27 сакавіка назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, нагадаў пра пастаўленыя перад імі задачы.

Ён адзначыў, што Беларусь адкрывае новыя рынкі, аднак трэба варушыцца. «Дзверы мы адчынілі не толькі ў напрамку Расіі і Кітая – вялікая цікавасць сёння ў Інданезіі, М’янме. Паўночная Карэя просіць ужо ў нас пэўны аб’ём нашай прадукцыі. У Афрыцы наогул чакаюць – калі. У Амане мы нядаўна былі – драўніны ў іх няма, прадукты харчавання ім патрэбны. А ў нас што, гэтага няма? Я нават ім прапанаваў: вазьміце Віцебскую вобласць – яны будуць вырабляць для вас і прадукты харчавання, і дрэваапрацоўку арганізуйце. Нядаўна былі іх прадстаўнікі. Таму проста трэба кожнаму варушыцца. Чаму я і прапанаваў у кожным раёне стварыць хаця б па адным прадпрыемстве», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Галава дзяржавы таксама нагадаў кіраўнікам райвыканкамаў пра задачы па ўзнаўленні ПМК, «Сельгастэхнікі» і іншых прадпрыемстваў, напрыклад, камбікормавых, у якіх маюць патрэбу многія раёны.

«Усё гэта патрэбна для раёнаў. Гэта трэба ўсё аднаўляць. Палову такіх аб’ектаў мы ўжо аднавілі, але за гэтыя два-тры гады мы павінны аднавіць астатнія. Гэта значыць, работы ў кожнага хапае. Трэба, каб у людзей не толькі было рабочае месца, але каб вы былі гаспадарамі, а ў гаспадара заўсёды былі рыдлёўка, граблі, каса і сякера, – вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. – Паўнамоцтвы мы не проста на паперы далі, але вы чуеце мае разважанні і трэнд у гэтым напрамку: мы рухаемся да таго, каб у вас больш было правоў і паўнамоцтваў. А каб іх рэалізоўваць і ажыццяўляць, у вас павінна быць не толькі жыллёва-камунальная кантора, але і адпаведныя прамысловыя і іншыя прадпрыемствы».

Не варта забываць і пра прадпрыемствы рэспубліканскага ўзроўню, звярнуў увагу Прэзідэнт. «І тое, што я гаварыў пры ўступленні на пасаду. Мы паабяцалі людзям. Паабяцалі – трэба зрабіць. Памры, але зрабі. Таму будзем у гэтым напрамку дзейнічаць», – рэзюмаваў беларускі лідар.

Паводле матэрыялаў БелТА.